Пра гэта паведаміў кіраўнік Федэральнай службы па наглядзе ў сферы абароны правоў спажыўцоў і дабрабыту чалавека Расіі (Расспажыўнагляд) Генадзь Анішчанка 9 чэрвеня ў эфіры тэлеканала «Вести 24», перадае РІА Новости.

«Сёння я гэты спіс пашырыў, і на гэты час практычна ўся малочная прадукцыя беларуская забаронена для ўвозу ў Расію», — сказаў Г.Анішчанка. Паводле яго слоў, цяпер забарона распаўсюджваецца на прадукцыю больш як тысячы найменняў, «за выключэннем 50‑60 пазіцый».

Першы спіс ад 6 чэрвеня складаўся з больш як 500 відаў і найменняў малочнай прадукцыі з Беларусі. Забарона звязана з тым, што вытворцы не перааформілі дазвольную дакументацыю ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічнага рэгламенту, якія ўвайшлі у сілу яшчэ ў снежні 2008 года.

«Відаць, астаткавае, уласцівае ўсім нам скрышальнае нежаданне выконваць заканадаўства любымі сродкамі адыграла злы жарт з нашымі беларускімі суседзямі», — заявіў Г.Анішчанка, зазначыўшы, што Расспажыўнагляд цярпеў парушэнні тэхрэгламенту беларускімі вытворцамі амаль паўгода.

«Трэба памятаць, што Расія за гэтую прадукцыю плаціць паўнаважкім расійскім рублём, і хацелася б, каб на гэтыя грошы да нас прыходзіла тая прадукцыя, якая адпавядае нашым нацыянальным нормам», — падкрэсліў расійскі чыноўнік.

У прэс‑рэлізе Расспажыўнагляда ад 9 чэрвеня зазначаецца, што ўпраўленні службы па Бранскай і Смаленскай абласцях з парушэннем устаноўленага парадку выдалі большасць санітарна‑эпідэміялагічных заключэнняў на малако і малочную прадукцыю беларускай вытворчасці. Размова ідзе аб невыкананні патрабаванняў федэральнага закона ад 12 чэрвеня 2008 года «Тэхнічны рэгламент на малако і малочную прадукцыю».

«Улічваючы, што абарот малака і малочнай прадукцыі, якая выпускаецца з парушэннямі патрабаванняў тэхнічнага рэгламенту, уяўляе непасрэдную пагрозу нанясення шкоды жыццю, здароўю грамадзян, галоўным дзяржаўным санітарным урачом Расійскай Федэрацыі прынята рашэнне аб прыпыненні да асаблівага распараджэння дзеяння санітарна‑эпідэміялагічных заключэнняў на малако і малочную прадукцыю вытворчасці Рэспублікі Беларусь», — зазначаецца ў паведамленні.

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў 9 чэрвеня, што прынятыя меры не з’яўляюцца санкцыямі. «Гэта мера, якая прадыктавана выключна клопатам аб здароўі нашых спажыўцоў», — падкрэсліў міністр.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0