17 чэрвеня ў Познані ў межах міжнароднай выставы прайшла цырымонія ўзнагароджання 14‑га агульнапольскага тэлеконкурсу «Bazar».

Перадача тэлеканалу «Белсат» — «Сальда» была прызнаная найлепшай эканамічнай праграмай польскага тэлебачання.

Такое рашэнне прыняло журы конкурсу, якое складалася з прадстаўнікоў найбуйнейшых польскіх тэлеканалаў — POLSAT, TVN 24, TVP, а таксама прадстаўнікоў эканамічных структураў Польшчы.

Тэлевізійны конкурс «Базар» прайшоў у 14‑ты раз. На разгляд экспертаў былі прадстаўленыя найлепшыя працы журналістаў польскіх тэлеканалаў на эканамічную тэматыку. У журы фэстывалю «Базар» увайшлі прадстаўнікі буйнейшых польскіх тэлеканалаў — POLSAT, TVN 24, TVP, а таксама прадстаўнікі эканамічных структураў Польшчы. Узнагароды ўручаліся ў трох намінацыях — «Найлепшы фільм‑рэпартаж», «Найлепшая кароткая рэпарцёрская форма» і «Найлепшая эканамічная праграма». Як раз у трэцяй намінацыі перамагла праграма пра беларускую эканоміку «Сальда» тэлеканалу «Белсат», які ўваходзіць у структуру польскага тэлебачання.

Аўтар праграмы Аляксей Мінчонак зазначыў:

‑ Унікальнасць «Сальда» ў тым, што яна хіба адзіная ў Беларусі сапраўдная эканамічная тэлепраграма, дзе штотыдзень распавядаецца пра самыя важныя падзеі ў эканоміцы — чаму расце курс даляра, чаму даражэюць прадукты ў крамах. У нас у кожнай праграме госці, якія тлумачаць эканамічныя механізмы і тэндэнцыі.

Праграма «Сальда» робіцца на тэрыторыі Беларусі.

Аляксей кажа, што прадстаўнікі дзяржаўных структураў з невялікай ахвотай ідуць на кантакт, а вось з доступам на прыватныя прадпрыемствы ў журналістаў праграмы праблемаў няма.
У летні час «Сальда» выходзіць у эфір не будзе. Выхад праграмы адновіцца на тэлеканале «Белсат» ў новым тэлевізійным сэзоне 3 верасня.

Сяргей Будкін, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0