Бортнік дастае сцельнік з мёдам з калоды і кладзе ў лазбень. Лельчыцкі раён

Бортнік дастае сцельнік з мёдам з калоды і кладзе ў лазбень. Лельчыцкі раён

Традыцыйнае бортніцтва Палесся і Падляшша ў 2021 годзе трапіла ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. 

Бортнік на лезіве. Гравюра XIX стагоддзя.

Бортнік на лезіве. Гравюра XIX стагоддзя.

Выбар стойла

Бортнае дрэва даўней мела сваю назву. Яго называлі стойла, стайліна. Лясны хутар Стойлы ў Пружанскім раёне, дзе жыў народны скульптар Мікалай Тарасюк, мусіць, таксама атрымаў назву ад такіх дрэў. Дзікія пчолы сяліліся на высокіх старых дрэвах з дупламі.

З часам людзі прыдумалі выдзёўбваць борці для пчол, каб раі сядалі бліжэй да селішчаў. Дрэвы шукалі тоўстыя, кучаравыя, найлепш — сасну ці дуб, маглі быць ліпа і асіна, але толькі не елка. У елкі драўніна смалістая і колкая. Да таго ж у некаторых рэгіёнах Палесся елка лічыцца «святым дрэвам». Пчолам трэба, каб непадалёк была вада (піць) і каб побач не было вялікага мурашніка, бо мурашы крадуць мёд.

На зацішным і сонечным боку на вышыні 4—15 м над зямлёй рабілі вузкую прастакутную адтуліну (доўжня, века, лазейка), праз якую высякалі пешняй камору борці. Доўжню закрывалі дубовым бруском і дадаткова прыкрывалі дубовай дошкай (снет, снёт). Побач са снетам свідравалі ляток — адтуліну для ўваходу і выхаду пчолаў. 

Падмятанне і тварэнне

Каляндар бортніка пачынаецца з вясны.

Ад сакавіка да Міколы Веснавога (22 мая, да пацяплення апошніх дзесяцігоддзяў пасля гэтага дня ў Беларусі звычайна былі немагчымыя замаразкі) належыць падрыхтаваць борці да сезону: зрабіць падмятанне і тварэнне. З усім рыштункам бортнік рушыць да свайго дрэва і найперш аглядае, ці лятаюць пчолы. Калі пчолы лятаюць і не бачна вялікіх пашкоджанняў, а самае важнае — бортнік адчувае, што турбаваць іх не варта, асноўная праца на тым і заканчваецца. Застаецца дагледзець мясціну вакол — і лепш так, каб пчолы цябе не заўважылі.

Міхаіл, спадчынны бортнік з Лельчыцкага раёна, глядзіць пчолы

Міхаіл, спадчынны бортнік з Лельчыцкага раёна, глядзіць пчолы

І толькі калі пчол не відаць, бортнік дастае прыхаваную побач з восені астрову і забіраецца на дрэва, на самы верх. Мацуе лезіва і спускаецца да борці. Тут перш стукае: можа, азавуцца? Калі ціха — належыць адчыніць снет і доўжню і паглядзець. Бывае, што толькі адкрыўшы борць, убачыш пчолак, у такім разе забярэш старыя соты, пачысціш смецце — і спускайся.

Астрова (астроў) — жэрдка з хвоі або дуба з недасечанымі галінамі, якія выкарыстоўвалі як прыступкі.

Астрова (астроў) — жэрдка з хвоі або дуба з недасечанымі галінамі, якія выкарыстоўвалі як прыступкі.

Пустую борць найперш чысцяць ад смецця, вымерлых пчол і латаюць дзіркі: шмат шкоды могуць нарабіць жаўна (чорны дзяцел) і куніца. І толькі пасля гэтага можна тварыць — ствараць прывабныя ўмовы, каб прыляцеў і пасяліўся рой. Для гэтага камору борці націраюць травой багуном, пакідаюць усярэдзіне пучкі багуну, а таксама васкадавіны і соты з мёдам. У снет утыркаюць кароткія галінкі багуну, крушыны, бярозы і вольхі, пакуль увесь ён не стане зялёным.

Багун (Ledum palustre) — балотная трава з выразным дурманным пахам, якая выкарыстоўваецца для адстрашвання паразітаў у хлявах і пчалярстве.

Багун (Ledum palustre) — балотная трава з выразным дурманным пахам, якая выкарыстоўваецца для адстрашвання паразітаў у хлявах і пчалярстве.

І для бортніка, і для лесу важна, каб у борці пасяліўся рой. Дзеля гэтага ўзнікалі абрады: першы мёд каштавалі, канечне, седзячы, «каб пчолы сядалі». Увесну, падчас тварэння, пад дрэвам рассцілаюць ручнік і кладуць на яго хлеб. Лес, людзей няма, але раптам хто набрыдзе, трэба быць гатовым пачаставаць яго хлебам і мёдам.

Традыцыйны «аброк» бортніка падчас працы з пчоламі, Лельчыцкі раён.

Традыцыйны «аброк» бортніка падчас працы з пчоламі, Лельчыцкі раён.

Пасля ўсіх веснавых работ бортнік толькі здалёк назіраў за дзікімі пчоламі, не трывожыў іх без прычыны. Улетку, як і зімой, толькі выраблялі калоды на наступны год і выціскалі леташні воск.

Наступным разам бортнік падымаўся да пчол толькі ў канцы верасня — пачатку кастрычніка. Прычым калі рой сеў толькі сёлета, яго не чапаюць 2—3 гады. Для работы ж з вялікімі сем’ямі распальваюць дымар, напхаўшы яго трухлявай бярозай (парахном) або асобым грыбам, які расце на старых дрэвах. Ад дыму пчолы становяцца соннымі і меней кусаюць. Але злоўжываць ім нельга: калі пчолы надта агрэсіўныя, добры бортнік проста пакіне іх у спакоі.

Ужо адкрыўшы борць і падгледзеўшы пчол, бортнік надзявае капялюш з сеткай і адмярае, колькі мёду можна забраць, прыклаўшы далонь да верхняга краю доўжы: усё, што ніжэй, — ягонае. Увесь мёд забіраюць толькі ў тым выпадку, калі пчолы з нейкай прычыны кінулі вулей.

Здаралася так, што пчолы не назапасілі досыць мёду, і бортнік бачыў, што сям’я, найхутчэй, загіне ад голаду. Хоць гэта надзвычай сумна, у гэтым выпадку ён нічога не рабіў: філасофія бортніцтва забараняла ўмешвацца ў прыродныя парадкі. У прамысловым пчалярстве так не робяць — пчол у галодныя гады падкормліваюць.

  Пчолкі на сотах

Пчолкі на сотах

Закон і звычай

Ужо ў зборніку старажытнарускіх прававых нормаў «Руская праўда» (XI стагоддзе), прынятым пры Яраславе Мудрым, сыне Уладзіміра і Рагнеды, з’явіліся артыкулы, што рэгулявалі бортную дзейнасць: пра бортнае дрэва, пчалу, пакаранні. Напрыклад, калі б хто ўчыніў злачынства супраць пчол і бортніцтва, то мусіў бы плаціць штраф 12 грывень (сума, за якую можна было купіць 4 коней, 6 кароў, 24 пчаліныя сям’і).

Сям’я пад бортным дрэвам.

Сям’я пад бортным дрэвам.

Не абміналі пчалінага пытання і Статуты Вялікага Княства Літоўскага. У трэцім яго выданні (1588 года) бортніцтву прысвечана 7 артыкулаў з 488. За знішчэнне бортнага дрэва штраф тады складаў 600 грошаў, на якія можна было купіць вала і трох бараноў або 160 пудоў жыта.

Але не горш за дзяржаўныя законы пчаляроў бараніла і звычаёвае права. З даўніх часоў лічылася, што пчала — Божая істота. Пакрыўдзіць яе, забіць — тое ж, што ўчыніць зло супраць чалавека: такі ўчынак адразу выключаў злодзея з грамады, ставіў на ім ганебную пячатку.

На Палессі, калі заставалі злодзея на дрэве, то прыбіралі яму астроў, па якім можна злезці. Скачы тады з вышыні — і тваё шчасце, калі нічога сабе не зломіш.

Часам са зладзеямі распраўляліся і больш жорстка. У дакументах зафіксаваныя і такія выпадкі: калі лавілі злоснага раскрадальніка мёду, у яго выцягвалі з пупа кішку і прычаплялі яе да дрэва. 

Мядовыя рэкі

У IX­—XII стагоддзях асноўнымі таварамі вывазу з нашых земляў былі воск і мёд. Яны траплялі ў краіны Заходняй Еўропы і Міжземнамор’я. А «мядовы век» бортніцтва прыйшоўся на XIV—XVI стагоддзі. Толькі падумайце: прыбытковасць здабычы мёду і воску тады была ў 7—10 разоў большая за вываз лесу!

Святлейшы мёд — з верасу, а цямнейшы — з крушыны.

Святлейшы мёд — з верасу, а цямнейшы — з крушыны.

Так бортніцтва ў ВКЛ пераўтварылася ў галіну дзяржаўнай гаспадаркі. Пушчы сталі прадпрыемствамі. У 1507 і 1508 гадах праз 5 асноўных мытных камор было вывезена 66,1 тысячы тон мёду ў сотах. Нават падарожнікі адзначалі: па краі цякуць мядовыя рэкі. Толькі заселеных борцяў, мяркуюць яны, было больш за мільён. Для параўнання: сёння на пасеках Беларусі налічваюць 200 тысяч пчаліных раёў.

Нават на картушах старадаўніх картаў Вялікага Княства Літоўскага малююць мёд — і мядзведзяў, што на яго ласыя. Дарэчы, засцерагчы пчол ад мядзведзяў і іншых шкоднікаў: куніц, мышэй, жаўны, матылёў, мурашак — мусіў бортнік. Ад мядзведзяў у зямлю пад бортным дрэвам забівалі вострыя штыры, дубовыя або металічныя (оспы). Таксама ладзілі пасткі накшталт той, што паказана на карце Олаўса Магнуса 1539 года.

Карта шведскага картографа Олаўса Магнуса Carta Marina. 1539 год. WIKIMEDIA COMMONS

Карта шведскага картографа Олаўса Магнуса Carta Marina. 1539 год. WIKIMEDIA COMMONS

Мабыць, у гэты час для большай эфектыўнасці і распаўсюдзілася калода (іншыя назвы — корань, каранёк, каранік, даўбяк, наварацень): штучнае дупло ў кавалку ствала дрэва, якое чалавек сам вешае на патрэбную вышыню.

Адрозніваюць два віды калодавых вуллёў: стаяк і ляжак (лежань). Першы ўсталёўваецца простастаўна, другі — паралельна альбо пад вуглом адносна паверхні зямлі. Звычайна калоды не большыя за 2 метры ў вышыню і не меншыя за 0,5 метра ў дыяметры.

Бортная сасна (стойла), калода на вышыні 9 метраў, Лоеўскі раён.

Бортная сасна (стойла), калода на вышыні 9 метраў, Лоеўскі раён.

Цяпер калоду ўсцягваюць на дрэва з дапамогай лябёдкі. А даўней выкарыстоўвалі спецыяльнае кола, да 2 метраў дыяметрам, са спіцамі і доўгай ступіцай, на якую намотвалі вяроўкі.

Борці і калоды, з пчоламі і без іх, сталі выкарыстоўвацца як каштоўны аб’ект абмену. Тры-чатыры борці з пчоламі можна было памяняць на каня або карову. Бортнае дрэва стала каштоўным падарункам і зайздросным складнікам пасагу. Але калі калода або дрэва з калодай нікому не было перададзена, а сам гаспадар памёр, то такую калоду, згодна са звычаёвым правам, нельга ўзяць на свае патрэбы, нават калі ў ёй пчолы і мёд. Ніхто не меў права іх даглядаць, чапаць. Урэшце пчолы злятаюць, а калода псуецца. 

Рыштунак бортніка: пешні, лязівы, калода, барты, цёслы, воск, скура для пляцення жэні-лязіва, лазбені, карабец, дымар, маска, нож-медарэз, свярдзёлы. З такім «наборам» бортнікі ходзяць у лес

Рыштунак бортніка: пешні, лязівы, калода, барты, цёслы, воск, скура для пляцення жэні-лязіва, лазбені, карабец, дымар, маска, нож-медарэз, свярдзёлы. З такім «наборам» бортнікі ходзяць у лес

Бортныя знакі

Паколькі бортныя дрэвы былі маёмасцю, іх трэба было пазначаць і аберагаць. Сёння гэта амаль забыта, а даўней выкарыстоўвалі сваё ўласнае пісьмо — бортнае знамя, або кляйно, — высякаючы яго на дрэве на ўзроўні вачэй або вышэй. Гэта былі засечкі сякерай або долатам у выглядзе кампазіцыі рысак, трохкутнікаў і іншых фігур.

Дубу Мінтусу з Гомельшчыны 500 гадоў. На ім аддаўна жылі пчолы. Было на ім і бортнае знамя. 

Дубу Мінтусу з Гомельшчыны 500 гадоў. На ім аддаўна жылі пчолы. Было на ім і бортнае знамя. 

Кляйно як знак прыналежнасці пэўнаму гаспадару ставілі на кожнае бортнае дрэва, а таксама на рыштунак бортніка: лезіва, лазбень і інш. Такія знакі станавіліся адмысловым уласным подпісам на важных дакументах і захаваліся ў судовых кнігах. А паколькі бортныя дрэвы перадаваліся ў спадчыну, то і знамёны пераходзілі ад бацькі да сыноў разам з імі. Старэйшы сын мог дадаць у бацькава знамя нейкі элемент або карыстацца ім як ёсць, а іншыя сыны павінны былі дапоўніць спадчынны знак. Знамёны вялікіх бортных радоў былі складанымі, але тым не менш бортнікі ведалі іх і маглі прачытаць.

Знамя, кляйно — маёмасны знак бортніка, які ставіцца на бортным дрэве або рыштунку.

Знамя, кляйно — маёмасны знак бортніка, які ставіцца на бортным дрэве або рыштунку.

Бортнае знамя таксама накладала пэўныя абавязкі на бортніка: прыбіраць смецце, падграбаць траву, высякаць хмызняк і заўсёды клапаціцца, каб дрэву раслося добра і ніхто яго не псаваў.

Бортнае знамя было на 500-гадовым дубе Мінтусе, што ў Гомельскай вобласці. Яшчэ адно знамя зафіксаванае на старой сасне на могілках у Вілейцы, а іншае, на калодзе, захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ў Мінску.

Сёння бортнікі пазначаюць свае калоды просценькімі крыжыкамі, а на дрэве, якое нагледзелі пад борць, зачэсваюць кару. Іншы бортнік, убачыўшы такі знак, ведае, што дрэва занятае. 

Калі мёд перастаў карміць

Занепадала бортніцтва паступова.

Спачатку ад таго, што змяншалася плошча лясоў. Колькасць насельніцтва расла, чалавецтву патрабавалася болей драўніны, паташу, драўнянага вугалю, пасяўных плошчаў — і вось ужо высечаныя еўрапейскія лясы. У XVII стагоддзі апошнія сведчанні пра бортніцтва губляюцца на тэрыторыі сучаснай Германіі, у XVIII—XIX стагоддзях знікаюць апошнія носьбіты традыцый і практыкі бортніцтва на тэрыторыі Польшчы.

Лезіва, або жэнь — вяроўка даўжынёй 20—30 метраў з лавай, на якой бортнік мосціцца на дрэве каля калоды або борці. Вяроўку плялі з палосак скуры лася або каровы, а таксама з пянькі. Кароткай вяроўкай з паўкруглым драўляным «каблуком» — лежаёй — абводзілі ствол дрэва.

Лезіва, або жэнь — вяроўка даўжынёй 20—30 метраў з лавай, на якой бортнік мосціцца на дрэве каля калоды або борці. Вяроўку плялі з палосак скуры лася або каровы, а таксама з пянькі. Кароткай вяроўкай з паўкруглым драўляным «каблуком» — лежаёй — абводзілі ствол дрэва.

У XIX стагоддзі паўсюдна ў Еўропе (у тым ліку на Беларусі) пачалася прамысловая вытворчасць цукру — і гэта стала другім ударам па бортніцтве. Мёд перастаў быць асноўнай крыніцай салодкага, попыт на яго паменшаў.

Спрычыніліся да заняпаду бортніцтва і празмерна строгі кантроль за выкарыстаннем лесу, і неабгрунтавана высокія падаткі.

У 1920—1930-я гады лесам было пакрыта толькі 20% плошчы Беларусі (сёння — каля 40%). Далей — барацьба з прыватнай уласнасцю, ціск на гаспадароў, што маюць шмат калод. А пасля ўжо традыцыі не стала каму перадаваць: адбылася ўрбанізацыя, абязлюднелі вёскі.

А галоўнае, прыйшлі новыя тэхналогіі, якія дазвалялі атрымліваць больш мёду з меншымі вытратамі часу. Пчаляры перайшлі на рамачныя вуллі, якія дазвалялі займацца пчалярствам пры сваіх сядзібах, мець пчол пад вокам.

Сёння ў Беларусі ў лясах стаіць каля 10 000 калод (частка з іх не мае гаспадароў і не абслугоўваецца ўжо на працягу больш як 20—30 гадоў), толькі 1500—2000 з іх заселены пчоламі. А борцяў — на парадак меней.

Калода ў Дудзінцах пад Барысавам, на разгалістай ліпе на ўзлеску

Калода ў Дудзінцах пад Барысавам, на разгалістай ліпе на ўзлеску

Бортніцкі промысел захаваўся ў асноўным у Гомельскай і Брэсцкай, а таксама Мінскай абласцях, а сямей, дзе яго сакрэты перадаюць ад бацькі да сына, і зусім мала. 

300 бортнікаў

Людзі, якія практыкуюць бортны промысел, аб’яднаныя няпісанымі законамі і правамі. Сёння ў Беларусі не больш за 300 бортнікаў, якія захавалі прадзедаўскія падыходы і практыкі, абрады і прыкметы — увесь нематэрыяльны кантэкст.

Бортнік выдзёўбвае борць, Лоеўскі раён.

Бортнік выдзёўбвае борць, Лоеўскі раён.

Даўней лясному пчалярству вучылі змалку, праз дапамогу дарослым і назіранне за працай бортніка ў лесе. Адзін бортнік працаваць не можа, у яго павінны быць памочнікі ўнізе. Звычайна гэта хлопчыкі, якія паступова авалодваюць сакрэтамі вырабу калод, вучацца тапіць воск і сукаць свечкі, засвойваюць правілы паводзін у лесе, назіраюць за пчоламі і слухаюць аповеды старэйшых пра жывёл, птушак і насякомых, якія любяць мёд. Калі ўжо ўзрост бортніка не дазваляе ўзлезці на дрэва, ён саступае месца маладому пераемніку традыцыі і пачынае выконваць функцыі памочніка і настаўніка — так промысел перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Ахова ад мурашак: абкораны камель змазваюць дзёгцем або садовым варам.

Ахова ад мурашак: абкораны камель змазваюць дзёгцем або садовым варам.

Навыкі вырабу прылад ці калод/борцей можна перадаць досыць хутка, а вось агульныя веды і традыцыі фарміруюцца дзесяцігоддзямі. Ты ўжываешся ў іх — або не ўжываешся.

Клас
39
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
6
Сумна
11
Абуральна
7