(паводле Андрэя Гнёта)
Андрэй Гнёт |
Андрэй Гнёт. Рэжысёр рэкламы і музычнага відэа, аўтар большасці буйных рэкламных працаў апошніх гадоў. Нарадзіўся і рос у Мінску. Скончыў журфак БДУ, паралельна працуючы ў СМІ, за што яго спрабавалі адлічваць амаль штосеместр. У 2005, разабраўшыся ў сваіх памкненнях і магчымасцях, стварыў разам з партнёрамі кінакампанію «Партызан прадакшн».
1. Першае меркаванне — наймацнейшае і амаль заўсёды слушнае. Менавіта з першага позірку ты імгненна і несвядома ацэнваеш чалавека, учынак, сцэнар або кадр. І толькі пасля ўмешваецца твой падступны мозг, які намагаецца даць інтэрпрэтацыю ў залежнасці ад твайго настрою, жыццёвага досведу і эмацыйнага перадсуду. Заблытаўся? Спыніся і прыгадай сваю першую думку і ацэнку.
2. Будзь шчырым. Нічога так не выкрывае фальшывасць, як экран: карцінка і гук. Зразумела, калі знойдзецца той глядач, які ўмее правільна «чытаць», а ён абавязкова знойдзецца!
3. Прыгадай, што ведаеш ці бачыў — і зрабі іначай. Нават калі табе згадаўся чыйсьці фільм, крэатыўная фішка або ідэя — не варта іх паўтараць. Рэмікс рэдка калі лепшы за арыгінал.
4. Давярай унутранаму голасу. Няхай ты дзесяць разоў памыліўся і дзесяць разоў не меў рацыі — галоўнае, што ты зрабіў гэта сам.
на здымках рэкламы аднаго з мабільных аператараў. Фота - Максім Маліноўскі |
5. Якім бы добрым не было тое, што ты стварыў, абавязкова знойдуцца тыя, каму гэта катастрафічна не спадабаецца. Калі слепа слухацца крытыкаў — будзеш кружляць па зачараваным коле: зрабіўшы смешнае сумным, пачуеш: «Гэта змрочна», зрабіўшы сумнае вясёлым, панясецца: «Гэта занадта смешна». У такіх выпадках лепей паўтараць правіла 4.
6. Прымай крытыку слушна і мужна. Не заўсёды варта пытацца: «А суддзі хто?»
7. Ніколі не абагаўляй таго, што стварыў. Бо заўжды можна зрабіць лепш.
8. Любі тое, што робіш. Якім бяздарным не падаваўся б праект, знайдзі ў ім тое, што ты палюбіш. Адно любячы, можна дабіцца поспеху.
9. Падчас здымак кліпа ніхто не павінны пацярпець. Тым больш жывёлы, яны — святыя.
10. Слова «немагчыма» не існуе. Заўсёды можна здзейсніць задуманае. Перамовы, грошы, час, кампрамісы і яшчэ сотня інструментаў, якімі можна і варта карыстацца. Проста дзеля гэтага трэба адарваць свой азадак. А гэта — найскладаней.