Ад залеваў, навальніц і парывістага ветру, якія 19 ліпеня прынёс у Беларусь халодны атмасферны фронт, пацярпелі Брэсцкая, Гродзенская, Мінская і Магілёўская вобласці, паведамілі БелаПАН у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях.
Паводле папярэдняй інфармацыі, была парушана падача электраэнергіі ў 41 населеным пункце, зафіксаваны тры выпадкі пашкоджання даху жылых дамоў. У Мінску праз паваленыя дрэвы на чатырох вуліцах утварыліся завалы, пашкоджаны два аўтамабілі (пацярпелых няма).
Трагічны выпадак адбыўся днём на возеры Свіцязь у Наваградскім раёне Гродзенскай вобласці: загінула дзіця 2001 года нараджэння.
Маланка трапіла ў дрэва, дзе яно з бацькамі хавалася ад навальніцы. Дрэва ўпала і нанесла дзіцяці смяротныя траўмы.
Паводле інфармацыі Рэспубліканскага гідраметэацэнтра, парывы ветру ў Гродзенскай вобласці дасягалі 23—26 м/с (у Навагрудку — 24 м/с).
Дзесяццю днямі раней ад удару маланкі ў Стоўбцах (Мінская вобласць) загінулі два падлеткі, якія таксама хаваліся пад дрэвам.
0
0
0
0
0
0