Беларусь у Чалпон-Аце так і не падпісала дамовы пра Калектыўныя сілы АДКБ і не пераняла старшынства ў арганізацыі.

Завяршыўся рабочы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кыргызстан. Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА, ён вылецеў у Мінск.

31 ліпеня ў Чалпон-Аце прайшоў нефармальны саміт кіраўнікоў дзяржаў — членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). «Нефармальная сустрэча прэзідэнтаў доўжылася больш за дзве гадзіны. Асноўная ўвага была нададзеная пытанням бяспекі, барацьбы з міжнародным тэрарызмам, праявамі рэлігійнага экстрэмізму ў зоне адказнасці АДКБ і ў свеце», — паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

Бакі дамовіліся весці «скаардынаваную палітыку ў інфармацыйнай прасторы», а таксама «стварыць у Расіі цэнтр інфармацыйных тэхналогій, дзе будуць праходзіць падрыхтоўку спецыялісты ў гэтай сферы». Паводле звестак прэс-службы прэзідэнта Беларусі, удзельнікі саміта таксама падтрымалі прапанову кіргізскага боку аб стварэнні на возеры Ісык-Куль пастаянна дзейнага цэнтра для маладзёжных збораў вайскова-спартыўных арганізацый дзяржаў АДКБ, зазначана ў прэс-рэлізе.

З афіцыйных паведамленняў можна меркаваць, што Лукашэнка не падпісаў пагадненне аб стварэнні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ.

Дакументы аб стварэнні КСАР, нагадаем, былі падпісаныя 14 чэрвеня ў Маскве на саміце АДКБ. Дэлегацыя Беларусі адмовілася ад удзелу ў ім з-за рознагалоссяў з Расіяй адносна паставак беларускага малака. Усе дакументы, падпісаныя падчас маскоўскага саміта, МЗС Беларусі аб'явіла нелегітымнымі.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0