У нядзелю на Маладзечаншчыне прайшло традыцыйнае свята паэзіі «Ракуцёўскае лета».

У электрычцы Мінск—Маладзечна можна пачуць самадзейны ансамбль з двух маладых людзей. Адзін грае на гітары, другі адбівае такт бубнам, а потым збірае ў яго грошы.

Летась маладзёны спявалі па‑беларуску. Сёлета зноў сустрэў іх у электрычцы. Толькі артысты цяпер прамаўляюць і спяваюць ужо выключна па‑расейску. Можа, дзень такі.

З чыгуначнай станцыі «Уша» лепей ісці да Ракуцёўшчыны не праз Краснае, а на Чысць.

Тады можна палюбавацца на камянямі‑помнікамі ў гонар паэта, што былі пастаўленыя 'шчэ ў 1977 г. Адзін сімвалізуе свечку вечнай памяці, а на другім прымацаваная памятная шыльда з выявай паэта і радкамі з ягонага верша.

У канцы вёскі на ўзгорку знаходзіцца філія Літаратурнага музея Максіма Багдановіча «Фальварак Ракуцёўшчына». Першае свята паэзіі прайшло тут у 1983 г. У 1990‑х, успамінае паэт Анатоль Зэкаў, людзей на свята збіралася болей, чым прыехала зараз. І лаваў ставілі не шэсць, як сёння, а ў разы болей. Яно мо і так. Але і сёлета не менш за сто чалавек сабралася ў Ракуцёўшчыне. І гэта надае аптымізму.

Надвор’е не падвяло. Смаліла сонца. Пісьменніку Уладзіміру Арлову не было куды схавацца ад яго. Нічога не заставалася, як прыкрыць галаву аддрукванымі на паперы вершамі. Некаторыя не вытрымлівалі на сонцапёку, і тады ішлі да Максімавай крынічкі. Балазе, яна знаходзіцца ў ценю дрэваў, хоць і ў баку ад сцэны. Каб спатоліць смагу сцюдзёнай вадою з крынічкі, час ад часу такія ахвочыя ўтваралі нават чаргу. Але куды большая чарга была да палаткі з шашлыкамі.

На свяце было шмат дзяцей.

Адпачываюць, відаць, у Ракуцёўшчыне і суседніх вёсках у бабуляў. Некаторыя хадзілі ў майках ці са значкамі кампаніі «Будзьма!» Вось беларускай мовы, праўда, ад іх не было чуваць. Для іх гэта звычайнае свята, на якім бабуля абавязкова купіць штось з прысмакаў.

Ракуцёўшчыну ўпершыню наведала нашчадак роду Багдановічаў — Вольга Дашкоўская. Жанчына з’яўляецца сваячкай паэта па лініі яго бацькі Адама Ягоравіча. Яна зрабіла падарунак музею. Гэта вышыванка траюраднай сястры Максіма Дар’і.

Шкада, што на такія мерапрыемствы не прыязджаюць высокапастаўленыя чыноўнікі са сталіцы. Яны б ўбачылі, што ня варта дзяліць беларусаў, як тое сталася з пісьменніцкім саюзам. Літаратура павінна быць цэласнай. Гэта каторы год пацвярджаюць самі паэты.

На адной сцэне чыталі вершы сябры абодвух Саюзаў пісьменнікаў Віктар Шніп і Леанід Дранько‑Майсюк, Анатоль Зэкаў і Уладзімір Арлоў, Людміла Рублеўская і Валянціна Аксак.

Спадарыня Аксак заклікала прысутных калі не да 2011, то да 2016 года, калі будуць адзначацца 125‑годдзе Багдановіча і 105‑годдзе як паэт наведаў Ракуцёўшчыну, усім вывучыць ягоную «Пагоню». Сп. Валянціна ўпэўнена, што менавіта песня на гэтыя словы мусіць быць галоўнай песняй краіны.

У Мінск вяртаўся ў добрым настроі, створаным цудоўнай паэзіяй.

* * *

У фальварку Ракуцёўшчына, які належаў Вацлаву Лычкоўскаму, Максім Багдановіч гасціў летам 1911 года. Тут паэт напісаў серыю вершаў пад назвай «Старая Беларусь» і паэму «Вераніка», якая ўвайшла ў вядомы цыкл «Мадонны».

Сяргей Макарэвіч, фота аўтара

 З Багдановічам на сэрцы.

З Багдановічам на сэрцы.

 Паэзія яднае сяброў абодвух Саюзаў пісьменнікаў: Віктар Шніп, Аксана Спрынчан, Эдуард Акулін. Паміж Шніпом і Спрынчан сядзіць маладзечанскі краязнаўца Міхась Казлоўскі.

Паэзія яднае сяброў абодвух Саюзаў пісьменнікаў: Віктар Шніп, Аксана Спрынчан, Эдуард Акулін.
Паміж Шніпом і Спрынчан сядзіць маладзечанскі краязнаўца Міхась Казлоўскі.

 Уладзімір Арлоў не спіць, ён прыдумляе новую кнігу.

Уладзімір Арлоў не спіць, ён прыдумляе новую кнігу.

 Дранько‑Майсюк: «Бласлаўляю!»

Дранько‑Майсюк: «Бласлаўляю!»

 Я - беларус.

Я - беларус.

 Паэзія злева, шашлыкі - справа.

Паэзія злева, шашлыкі - справа.

 ...і тчэ забыўшыся рука...

...і тчэ забыўшыся рука...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0