Каля тысячы маладых людзей сабраліся 8 верасня ў сталіцы на «бітву падушкамі» ў гонар Аршанскай бітвы.

Большасць мелі з сабой дасканалую зброю: падушкі, спальнікі, мяккія цацкі. Акрамя ваяроў «бітвы падушкамі», прыйшло нямала журналістаў, фатографаў і простых гледачоў. Паглядзець насамрэч было на што.

На пачатку акцыі арганізатары ледзь стрымлівалі натоўп: удзельнікі гатовыя былі кінуцца ў бойку яшчэ да таго, як даведаліся правілы гульні і патрапілі на поле бітвы. Паколькі ўсе хацелі быць ліцвінамі, адзін з арганізатараў акцыі Андрэй Кім прапанаваў тым, хто нарадзіўся ў няцотны месяц, стаць пад белым сцягам ліцвінаў, а хто ў цотным — пазмагацца пад чырвоным штандарам на баку Маскоўскага княства. Па дарозе на поле бітвы адзін з прадстаўнікоў «маскоўскага войска» імправізаванай бітвы Аляксей падзяліўся ўражаннямі:

— Не хочацца ваяваць за маскалёў. Я не магу сабе дазволіць перамагчы ліцвінаў і парушыць гістарычную справядлівасць.

Падчас бітвы нацыянальныя спрэчкі былі забытыя. Кожны хацеў перамагчы. Войска літоўскае з мяккай зброяй кінулася на войска маскоўскае — за Радзіму. «Маскоўскія» ваяры таксама ліцвінам панадавалі падушкамі па галаве. Здавацца ніхто не жадаў. Аднак з гісторыяй не паспрачаешся: як і ў 1514 годзе перамагло войска Вялікага Княства Літоўскага.

За першай бойкай была другая і трэцяя. Ваяры біліся, падалі, уставалі і зноўку беглі ў бойку. Бітва цягнулася, пакуль не сцямнела. Калі ўдзельнікі стомленыя і задаволеныя разышліся, поле бітвы засталося ажно белае ад пер’я і сінтэпону. Добры дзесятак падушак быў парваны ў Дзень вайсковай славы.

Перад пачаткам мерапрыемства Кім расказаў прысутным пра гісторыю бітвы пад Оршай. 8 верасня 1514 года войска ВКЛ разграміла ўтрая большае войска Маскоўскага княства. Кіраваў гэтай бітвай беларускі палкаводзец Канстанцін Астрожскі. Бітва ўвайшла ў гісторыю беларускай ваеннай славы.

Супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага раёну назіралі за акцыяй збоку. У арганізатараў быў дазвол ад Мінгарвыканкаму на правядзенне «Бітвы падушкамі». Адзіная просьба ад супрацоўнікаў была — не ўжываць нацыянальную сімволіку. Нягледзячы на тое, што бітва прайшла без нацыянальных сцягоў на полі неаднаразова гучала «Жыве Беларусь».

Многія юнакі, у тым ліку арганізатары, былі адзетыя ў саколкі з надпісамі «Атрымай, маскаль, падушкай».

Пра падзею нейтральна або паблажліва паведамілі многія лукашэнкаўскія СМІ, у тым ліку агенцтва «Інтэрфакс».

Гэта ўжо другі такі пэрформанс у гэтым годзе ў Беларусі. Першы быў прысвечаны падзеям Грунвальдскай бітвы.

Бой падушкамі — гэта міжнародны рух, які мае дзесяткі тысяч байцоў ва ўсім свеце. Самая маштабная бітва адбылася ва ўніверсітэце Олбані ў Нью‑Йорку, дзе 3648 чалавек біліся за мір ва ўсім свеце. Дэвіз міжнароднага бою падушкамі — Pillow fight «Make feathers, not war!» у вольным перакладзе на беларускую мову гучыць як «Пухавы бой: Пераробім мячы на падушкі!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?