З цягам часу пачаў ужо думаць, што, я як і той Салямон, «усё бачыў за гады марнасьці маёй», але ж, як і ён, падмануўся. А разбурыла маю ўпэўненасьць праграма навінаў Першага каналу БТ, што трансьлявалася 12 кастрычніка а 19‑й гадзіне. Тэкставы радок, што нясьпешна поўз пад шматмоўным камэнтатарам, паведаміў:

«В Ватикане к числу святых сегодня причислено пять человек, среди них Зигмунт Фелинский, судьба которого тесно связана с Россией».
Мяне ажно паралізавала. Так і ня здолеў уцяміць, чаго ж у гэтым сказе болей: глупства або цынізму.

Чым жа так шчыльна павязала з сабой Расея народжанага ля Луцка, выпускніка Сарбоны Фелінскага? Ды тым самым, што і іншых сумленных, неабыякавых да лёсу свайго краю людзей сярэдзіны ХІХ ст.

Напачатку павязала яна маці будучага біскупа Варшаўскага, якая была высланая ў Сібір, і шасьцёра дзетак фактычна засталіся сіротамі і бяз даху над галавой. [Дарэчы, маці была родам з Беларусі. А тата быў родам зь Вільні. Абодва паходжаннем з беларускай шляхты. — Рэд.]

Павязала яна і кіраўніка полацкага паўстанцкага аддзелу Атона Грабніцкага, які памёр на этапе. Павязала і знакамітага дзеяча беларускае культуры Арцёма Вярыгу‑Дарэўскага, якога сьмерць напаткала ў Сібіры. Урэшце павязала на Лукішках і Кастуся Каліноўскага. Прыйшла чарга і да біскупа. Пасьля пратэсту супраць рэпрэсіяў царскіх уладаў 14 чэрвеня 1863 г. ён быў высланы за Яраслаўль, дзе правёў у высылцы цэлыя 20 гадоў.

Больш з Расеяй павязаныя толькі тыя, хто навечна спачыў на халодных абсягах Сібіры.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?