Ці можна ўбачыць нейкую сувязь паміж абраннем першага прэзідэнта Еўрасаюза і рашэннем працягнуць «замарожванне» дыпламатычных санкцый ЕС у дачыненні шэрагу чыноўнікаў РБ? З палітычнага гледзішча — не. Тым больш, што рашэнне адносна Беларусі выклікае асацыяцыі не столькі з паліттэхналогіямі, колькі з холадакамбінатамі.

Але мне падалося цікавым зірнуць на гэта праз прызму еўрапейскай культурніцкай традыцыі, ці, калі заўгодна, ментальнасці.

Нейкі французскі журналіст на Euronews параўнаў «выбары» прэзідэнта ЕС і кіраўніка вышэйшай рады ў пытаннях замежнай палітыкі з абраннем Папы Рымскага канклавам. (А што, чым кепская традыцыя?) Пасяджэнне кіраўнікоў краін ЕС было зачынена для прэсы, перад гэтым не было выбарчай кампаніі, «кандыдаты» не выступалі з праграмнымі прамовамі. Журналістаў, а разам з імі насельніцтва Еўропы проста паставілі перад фактам. Паказальна, што тэлеканал BBC у рэпартажах з саміта ў Стакгольме выкарыстаў для адлюстравання сутнасці падзеі не традыцыйны дзеяслоў elected, але… seleсted. Як бы размова вялася, напрыклад, пра селекцыю раслінаў.

63‑гадовы Герман ван Ромпэй, усмешлівы, сціплы і інтэлігенты (прынамсі, знешне) чалавек выклікае сімпатыю. Галоўнай яго вартасцю, як падкрэслівалася ў часе прэс‑канферэнцыі, ёсць майстэрства кампрамісу, выяўленае на пасадзе прэм'ер‑міністра Бельгіі.

Ён піша кнігі, вершы ў стылі хоку, зацяты блогер — пра гэта не забыліся згадаць усе СМІ. З афіцыйнай біяграфіі вядома, што ён каталік, фламандзец.

Быў міністрам фінансаў, старшыняваў у ніжняй палаце парламента. У 2008 годзе, ва ўмовах цяжкага палітычнага канфлікту паміж франкафоннамі грамадамі Валоніі і фламандскімі ў Фландрыі, кароль Бельгіі даручыў ван Ромпэю ўзначаліць нацыянальны урад. Як ні дзіўна, новы прэм'ер пакінуў кабінет міністраў, які сфармаваў ягоны папярэднік Іў Летэрм, практычна ў ранейшым складзе. Яго стыль, наколькі можна зразумець, не проста кампраміс, але захаванне стабільнасці і спакою за кошт мінімальных, наколькі гэта магчыма, зменаў.

Без усялякай сувязі з асобай бельгійскага прэм'ера мне ўспомнілася знакамітая пьеса Сэмюэля Бекета «У чаканні Гадо».

Заснавальнік тэатра абсурду Бекет быў тыповым еўрапейцам. Ірландзец, ён жыў у Парыжы і пісаў п’есы па‑французску, сам перакладаючы іх на англійскую. Ён памёр у 1989‑м — акурат у тым годзе, калі ў Чэхаславакіі ў выніку «аксамітнай рэвалюцыі» стаў прэзідэнтам драматург Вацлаў Гавэл, які таксама пісаў абсурдысцкія п’есы.

Дык вось, змест «У чаканні Гадо», у скароце, зводзіцца да таго, што адзін з яе герояў прапануе другому павесіцца, але яны ніяк не могуць вырашыць, каму вешацца першым, і ўрэшце вырашаюць нічога не рабіць, бо так больш бяспечна. Яны чакаюць Гадо, каб даведацца пра яго меркаванне. Праўда, ніяк не могуць успомніць, чаго, уласна кажучы, яны ад яго хацелі. У самым канцы адбываецца сцэна, якая цытавалася сотні разоў, але я не адмоўлю сабе ў задавальненні працытаваць ізноў (у перакладзе Віталя Воранава). «Уладзімір. Заўтра павесімся. (Паўза.) Хіба што прыйдзе Гадо.

Эстрагон. Ну, а калі прыйдзе?

Уладзімір. Атрымаем збаўленне».

І потым фінал: «Уладзімір. Ну што, хадзем?

Эстрагон. Хадзем.

Не рухаюцца. Заслона.»

Не хачу сказаць, што прэм’ер Бельгіі, спрактыкаваны паспяховы палітык, чымсьці нагадвае персанажа тэатра абсурду. Але ўменне заставацца на месцы, нягледзячы ні на якія абставіны і пакідаючы ўражанне тытанічнай працы, у сучаснай еўрапейскай палітыцы дасягнуў узроўню філіграннага майстэрства. А што ўжо казаць пра «еўракратаў». (Між іншым, у новым суперміністэрстве, якое павінна адказваць за знешнюю палітыку ЕС, будуць працаваць не менш за 2000 чыноўнікаў).

Кажу пра гэта не дзеля іроніі або асуджэння. Так, у біяграфіі новага прэзідэнта, пазбаўленага прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, няма гераічных або вельмі яскравых эпізодаў. Але сёння і не час супраціву. Дзве сусветныя вайны ў дваццатым стагоддзі былі не проста катастрофай, яны ледзь не сталі канцом еўрапейскай цывілізацыі. Людзі зведалі ёй цану, убачылі, якім можа быць чалавек і што можа стацца з хрысціянскімі каштоўнасцямі. Пра гэта — з’едліва‑сумная рэпліка пра «збаўленне» у Бекета.

Сёлета ў Францыі ўпершыню за 91 год 11 лістапада адзначалася не як дзень перамогі над Германіяй.

Канцлер ФРГ Меркель у гэты дзень усклала разам з прэзідэнтам Францыі Сарказі кветкі да магілы невядомага жаўнера ў знак прымірэння.

65 неваенных гадоў у Еўропе (нягледзячы на вайну ў былой Югаславіі) успрымаюцца там як найвялікая каштоўнасць. Мы лічылі, што гэта толькі савецкія людзі здольныя 65 гадоў запар паўтараць: «толькі б не было вайны!» Заходнія палітыкі не толькі паўтараюць гэтае заклінанне ўнутры сябе, але дзейнічаюць у адпаведнасці з гэтым пастулатам. Падзенне Берлінскай сцяны і крушэнне СССР адбыліся без умяшання Захаду, нават насуперак жаданню большасці заходніх лідэраў. Пераважная большасць іх і цяпер захоўвае на тварах такі выраз, быццам яны трымаюць келіх з шампанскім і пры гэтым больш за ўсё ў свеце баяцца яго расплёскаць.

Такімі былі паводзіны Сарказі падчас леташняй вайны ў Грузіі. Такімі былі і застаюцца паводзіны амаль усіх кіраўнікоў ЕС і НАТО ў дачыненні Украіны, Малдовы, Беларусі. Толькі б не справакаваць канлфікт, нават самы мінімальны, выключыць яго магчымасць.

Пры гэтым заходнія лідэры не перастаюць казаць пра каштоўнасць правоў чалавека, грамадзянскія свабоды, талерантнасць, цярпімасць да рэлігійных і нацыянальных меншасцяў. І гэта не крывадушнасць. Гэта і ёсць частка еўрапейскай ментальнасці. Гаварыць — гэта не так і мала. А што перашкаджае ўладам Беларусі загаварыць з еўрапейцамі на іх мове? І не толькі з еўрапейцамі, але найперш з уласным народам.

Чаму б ім не распачаць прапаганду Дэкларацыі правоў чалавека, Еўрапейскай Хартыі, таго самага Еўрапесйкага партнёрства? Што перашкаджае скасаваць смяротнае пакаранне ў РБ, каб стаць сябрам Рады Еўропы? Нават улады Расіі, праўда, хітрамудрым шляхам — праз юрыдычна цмянае рашэнне Канстытуцыйнага суду, назаўсёды адмовіліся ад пакарання смерці. І цяпер Расія, якую мы часам называем Азіёпай, можа хутчэй разлічваць на бясплатныя візы ў ЕС, ці нават іх скасаванне, чым еўрапейская Беларусь.

Безумоўна, Беларусь была і ёсць у Еўропе. Але пакуль яшчэ не ментальна. Мы ўсё яшчэ разлічваем, што нехта прынясе нам дэмакратыю нібы чароўныя яблычкі на сподачку — але гэта ў духу расійскіх казак, а не еўрапейскіх.

Але ва ўсялякім выпадку, Гадо ўжо можна больш не чакаць. Ён засядае недзе ў прэзідыюмах еўрапейскіх бюракратычных структур.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?