Літаратурныя прэміі Фундацыі Лэннэна прысуджаюцца як вядомым, так і маладым «аўтарам надзвычайных літаратурных якасцяў, якія зрабілі значны ўнёсак у ангельскамоўную літаратуру і выяўляюць патэнцыял для далейшай яскравай працы».

Вальжына Морт, якая ўжо некалькі гадоў жыве за мяжой, была ўганараваная прэстыжнай амерыканскай літаратурнай стыпендыяй Фундацыі Лэннэна (2009 Lannan Literary Fellowship), паведамляе афіцыйны сайт фундацыі.


Літаратурныя прэміі Фундацыі Лэннэна (Lannan Literary Awards) — серыя ўзнагарод і стыпендый, заснаваная ў 1989 годзе, якой штогод уганароўваюцца як вядомыя, гэтак і маладыя «аўтары надзвычайных літаратурных якасцяў, якія зрабілі значны ўнёсак у ангельскамоўную літаратуру і выяўляюць патэнцыял для далейшай яскравай працы».

Прэмія лічацца адной з самых фінансава прывабных у свеце. Гэтак, за апошнія 20 год узнагароды Фундацыі Лэннэна атрымалі 173 чалавекі, а агульная сума прэмій склала 13 млн даляраў. Напрыклад, у 2006 годзе памер прэмій ў галіне паэзіі, мастацкай і дакументальнай літаратуры склаў па $150 тысяч кожная.

Характэрна, што фонд не прымае заяваў на ўзнагароды або стыпендыі. Кандыдаты вулучаюцца ананімна «сеткай пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, выдаўцоў і рэдактараў «, пасля чаго літаратурны камітэт фундацыі прымае канчатковае рашэнне.

Апроч Морт лаўрэаткай літаратурнай стыпендыі Фундацыі Лэннана за 2009 год стала 50-гадовая амерыканская паэтка Сара Ліндсэй.

Вальжына Морт (Мартынава) нарадзілася ў 1981 ў Мінску, дзе скончыла лінгвістычны універсітэт. Фіналістка літаратурнага конкурсу імя Наталлі Арсенневай (2003), лаўрэат міжнароднай літаратурнай ўзнагароды «Крышталь Віленіцы» Міжнароднага літаратурнага фестываля «Віленіца-2004» (Славенія, 2005). У 2005 годзе ў мінскім выдавецтве «Логвінаў» выйшаў яе дэбютны зборнік вершаў «Я тоненькая, як твае вейкі».

З 2006 года — жыве і працуе ў ЗША, дзе ў 2008-м у выдавецтве Copper Canyon Press выйшаў зборнік беларускамоўных вершаў з іх перакладамі на ангельскую мову «Factory of Tears» («Фабрыка слёз»), названы амерыканскім друкам «першым у гісторыі беларуска-ангельскім паэтычным зборнікам, выдадзеным на тэрыторыі Злучаных Штатаў». Пераклад выканалі пулітцэраўскі лаўрэат, паэт Франц Райт і ягоная жонка, Элізабет Олькерс Райт. Кніга таксама выйшла ў перакладах у Швецыі і Нямеччыне.

«Вальжына Морт — маладая беларуская паэтка, якая жыве ў Амерыцы, імкнучыся стаць пасланцам Беларусі па-за яе межамі. Яе творы — крык душы аўтара, які піша пра змаганне роднай Беларусі за ўласную мову і ідэнтычнасць. Усе, апроч аднаго верша, размешчаныя ў кнізе побач з беларускамоўным арыгіналамі. Вершы прасякнуты тонкай лініяй барацьбы паміж цынізмам і патрыятызмам: Беларусь для Морт — рубец на яе сэрцы», — напісаў у рэцэнзіі да «Фабрыка слёз» самы аўтарытэтны літчасопіс Амерыкі New Yorker.

Ужо пасля ад’езду за акіян Вальжына Морт стала лаўрэаткай літаратурнай прэміі Хуберта Бурды (Нямеччына, 2008) і стыпендыяльнай праграмы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Gaude Polonia, выйгравала стыпендыі ды магчымасць працаваць у Літаратурным калоквіюме ў Берліне і Міжнародным доме пісьменнікаў у Грацы (Аўстрыя). Яе ангельскамоўныя пераклады ўсходнееўрапейскіх паэтаў друкаваліся ў анталогіі New European Poets (Graywolf Press, 2008). Аўтарытэтнае амерыканскае літаратурнае агенцтва Blue Flower Arts называе беларуску сярод найбольш вядомых і самых таленавітых маладых літаратараў сучаснай Амерыкі.

Апошнім часам Вальжына Морт выкладае ва ўніверсітэце Балтымару (ЗША). Яе муж, амерыкнец Ёзэф Скарсэзэ — уладальнік незалежнай студыі гуказапісу.

«Яшчэ да 2005 года, калі ў Беларусі выйшла яе першая кніга «Я тоненькая, як твае вейкі», Морт стала сенсацыяй у якасці выканальніцы сваіх вершаў. Паводле характару яна пра камунікаванні з людзьмі стрыманая, але на сцэне яна дамінуе, а яе постаць, здаецца, расце з кожным радком: ступні нібы ўрастаюць у сцэну, вочы проста замарожваюць слухачоў, голас насычаны, экспрэсіўны, гучны як труба. Далёка разнесліся чуткі пра яе майстэрства, і хутка ўжо яна была запатрабаваная на літаратурных вечарынах ва ўсёй Еўропе», — напісаў пра яе ў вялікім матэрыяле амерыканскі часопіс Poets & Writers, пераклад якога надрукаваў Arche.

У снежні 2009-га Морт стала першай паэткай, запрошанай для творчай працы і прэзентацыяў ў культурным цэнтры Alice House ў сталіцы Трынідада і Табага Порт-оф-Спэйн.

«Ненавіджу, калі мяне называюць беларускай паэткай, — распавядае Вальжына Морт у інтэрв’ю трынідадскай газеце Newsday. — Я заўсёды думала, што паэт — сама па сабе нацыянальнасць, якая не мае патрэбы ў дадатковых азначэннях. Няма такога паняцця як беларускі паэт, ямайскі паэт... Ёсць добры паэт альбо дрэнны, і іншай альтэрнатывы не існуе».

Пры гэтым яна падкрэслівае, што, нягледзячы на тое, што выхоўвалася ў расейскамоўнай сям’і, заўсёды пісала толькі па-беларуску і для яе жыццёва важна.

Кастусь Лашкевіч, ТUT.BY, фота Pieter Vandermeer via Blueflowerarts.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0