Улада Радоўская, Кірыл Казакоў і Алена Радоўская. Калаж «Нашай Нівы»

Улада Радоўская, Кірыл Казакоў і Алена Радоўская. Калаж «Нашай Нівы»

Уладзе Радоўскай 22 гады. Яна з Мінска. Пасля школы пайшла на юрыдычны факультэт БДУ. Але юрысткай яна так і не стала. З лютага 2021-га, яшчэ да сканчэння ўніверсітэта, яе ўзялі на Сталічнае тэлебачанне, ды яшчэ і амаль адразу ў кадр.

Да гэтага дзяўчыну не заўважалі. Увагу на сябе Улада звярнула, калі здзекліва спрабавала ўзяць каментар у еўрапейскіх дыпламатаў, якія прыйшлі на суд над Ігарам Карнеем. І пачала задаваць ім пытанні — маўляў, ці ходзяць яны на непалітычныя суды і «чаму іх больш цікавіць сітуацыя ўнутры Беларусі, чым ва ўласных краінах». Дыпламаты праігнаравалі Радоўскую.

Улада Радоўская. Скрыншот з відэа СТВ

Улада Радоўская. Скрыншот з відэа СТВ

Круты паварот у кар'еры ёй забяспечылі адносіны. Праўда, не яе, а маці.

Каханка Казакова

Маці Улады — 45-гадовая Алена Радоўская. Родам яна з расійскага Стаўрапаля. З першым мужам Уладзімірам яны, хутчэй за ўсё, пазнаёміліся, калі разам працавалі ў тэлерадыёкампаніі «Магілёў». Далей бацька Улады працаваў аператарам і дызайнерам у прыватных прадпрыемствах. Калі яны разышліся, дакладна невядома.

Алена Радоўская на радыё «Зефір» (літара Z — не сімвал расійскай агрэсіі, яно так называлася і да вайны). Фота з яе інстаграма

Алена Радоўская на радыё «Зефір» (літара Z — не сімвал расійскай агрэсіі, яно так называлася і да вайны). Фота з яе інстаграма

Жанчына працавала ў журналістыцы амаль усё жыццё. Згодна з базамі «Кіберпартызанаў», яна пачынала ў «Магілёве» ў нулявыя, а ў 2008-м зарэгістравала ІП, сферай дзейнасці якога пазначанае «Вытворчасць кіна– і відэафільмаў» і мела ўласную фотастудыю ў Бабруйску. У 2018-м яе прызначылі праграмным дырэктарам сайта bobrlife.by, таксама яна працавала на бабруйскім радыё «Зефір».

Пра прыватнае жыццё Алены да Казакова нічога не вядома. На СТБ яна прыйшла ў сакавіку 2021-га. Расказвала і пра пратэсты, і пра Украіну, але больш за ўсё хваліла Лукашэнку. Вось некалькі красамоўных цытатаў з яе аўтарскай праграмы «За справу»:

Алена Радоўская. Скрыншот СТВ

Алена Радоўская. Скрыншот СТВ

Пра сыход Лукашэнкі: «Вялікае бачнае на адлегласці. Не хочацца ўяўляць, што б магло адбыцца, калі б… Але тады выстаялі. Тады чаму нас часта стаў крытыкаваць прэзідэнт? Адкажыце сабе шчыра».

«Хачу сказаць вялікі дзякуй урачам і сілавікам за выкананне службовага абавязку для дабра ўсіх. Перамагчы каранавірус і вытравіць бчбшную заразу з грамадства мы можам толькі разам».

«Вайна не скончылася, не расслабляйцеся, кажа прэзідэнт. І варта слухаць кожнае яго слова».

У 2021-м дзякуючы «Кіберпартызанам» стала вядома, што Казакоў тэлефанаваў у Мінскую абласную клінічную бальніцу. Ён прасіў зрабіць для двух вядоўцаў «падцяжку вачэй і павелічэнне грудзей, але каб без лішняга шуму». Па звестках з канала «Рэальная Беларусь», адной з тых, за каго ён прасіў, была Алена Радоўская. А зрабіць аперацыю збіраліся за дзяржаўны кошт.

Кірыл Казакоў і Алена Радоўская. Фота з інстаграма Кірыла Казакова

Кірыл Казакоў і Алена Радоўская. Фота з інстаграма Кірыла Казакова

Калі Кірыла Казакова выгналі з СТБ і ўладкавалі ў «Мінск-Навіны», за ім сышла і Алена Радоўская.

Цяпер яна вядоўца «Мінск-Навінаў». А калі журналісты сайта бяруць у яе каментар, то прэзентуюць як «палітолага» або «палітаглядальніка».

А вось Улада Радоўская засталася на тэлеканале СТБ.

Чытайце таксама:

Дзе цяпер Кірыл Казакоў — былы кіраўнік СТБ, «хросны бацька» Азаронка і іншых прапагандыстаў?

Паліна Шуба вяртаецца ў абойму

«Лукашэнку люблю ўсім сваім сэрцам». Хто такая Віталіна Петрусевіч, якая стала тварам прапагандысцкіх фільмаў магілёўскага тэлебачання

Клас
17
Панылы сорам
40
Ха-ха
19
Ого
11
Сумна
12
Абуральна
63