Як удалося вызначыць пасля праведзеных экспертыз, знойдзенае цела належала 24-гадоваму ўраджэнцу Жлобінскага раёна, які знік без вестак чвэрць стагоддзя таму.
Незадоўга перад знікненнем хлопец якраз адбыў «хімію» за «выкрадзены на прадпрыемстве кабель». У чэрвені 1998-га ён наведаў сваіх сваякоў у Жлобіне і Мінску і падзяліўся з імі планамі на найбліжэйшую будучыню. Яны былі звязаныя з продажам малінаў у Маскве, для чаго мужчына пазычыў грошай на закупку ягад у сваіх сясцёр. Пасля таго яго ніхто не чуў і не бачыў.
Пасля знаходжання на падворку ў Веткаўскім раёне парэшткаў цела і выяўлення, што смерць чалавека была гвалтоўнай, Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце забойства. Пашукаўшы, хто ў гэтым доме жыў раней, адразу выйшлі на след ураджэнца Расіі, які валодаў нерухомасцю з сярэдзіны 1990-х да лістапада 1998 года.
Высветлілася, што пасля продажу гэтага дома мужчына пераехаў да бацькоў у Гомельскі раён, дзе «сістэматычна збіваў маці» і «сыходзіў у запоі». За гэтае рукапрыкладства ён трапіў пад следства, збег у Расію, дзе ў 2007 годзе памёр.
«Праведзеная карпатлівая праца па ўстанаўленні невідавочнай сувязі паміж загінулым і гэтым жыхаром Гомельскага раёна. Здабытыя звесткі, што абодва некаторы час выконвалі розныя віды работ на адным прадпрыемстве — ААТ «Гомельская райсельгасхімія».
На паказанай сёстрам загінулага фатаграфіі падазраванага яны пазналі напарніка брата па «ягадным бізнэсе», апісалі яго аўтамабіль. Устаноўлены і іншыя сведкі іх знаёмства», — расказалі падрабязнасці ў СК.
У выніку следства прыйшло да высновы, што ў забойстве маладога хлопца быў якраз і вінаваты гэты чалавек. Паводле паказанняў сведкаў, абодва мужчыны, будучы ў стане алкагольнага ап'янення, былі схільныя да «выбухаў беспадстаўнай агрэсіі».
Паводле версіі следства, мужчыны «разышліся ў поглядах на супольны гандаль ягадамі», і ў прыступе гневу адзін з іх забіў другога. Пасля таго мужчына закапаў цела небаракі ў двары і неўзабаве выставіў дом на продаж. Цікава, што, прадаючы дом, мужчына сказаў купцам, што на дваровай тэрыторыі «закапаны здохлы конь».
У сувязі са смерцю галоўнага падазраванага крымінальная справа была спыненая.
Чытайце таксама:
У Маскве затрымалі беларуса, які 15 гадоў таму забіў свайго земляка, але адсядзеў па іншым эпізодзе
У Магілёве раскрылі рэзананснае забойства 11-гадовай дзяўчынкі, што адбылося 25 гадоў таму
Раскрылі забойства касіркі мінскага абменніка 14-гадовай даўніны
Парэшткі мінскага бізнэсмена знайшлі праз 25 гадоў пасля яго знікнення