Раней небараку выключылі за крамолу з ВНУ, а цяпер вінавацяць у паклёпе на прэзыдэнта, дыскрэдытацыі краіны ды падкопе пад ідэалягічныя дагматы.
Пачатак гэтага артыкулу — тэст.
Вы пра якую краіну падумалі?
Гаворка ідзе пра Эгіпет. Прэзыдэнт — адпаведна, Мубарак, дзяржаўная рэлігія — іслам.
А так — сапраўды, усе фармулёўкі да болю знаёмыя.
Да блогераў, дзякуй богу, у нас пакуль што не дапялі. Хаця калі згадаць суд над гарадзенскімі журналістамі Маркевічам ды Мажэйкам (які скончыўся "хіміяй"), дык там фігуравала менавіта раздрукоўка з сеціва, бо наклад газэты быў сканфіскаваны яшчэ ў друкарні.
Звыш таго, апошнім часам айчынныя чыноўнікі ўсё часьцей дэкляруюць намер наўпрост "адрэгуляваць" інтэрнэт праз папраўкі ў закон аб друку.
Праўда, клянуцца, што вывучаць міжнародны досьвед.
Што ж, "узоры" ёсьць: Кітай, Іран, вось Эгіпет той самы.
Бачыце, паклёп на кіраўніка дзяржавы блогеру закідаюць.
Зрэшты, магу асабіста засьведчыць: да прэзыдэнта там ставяцца з усходнім піетэтам. Клічуць — "раіс" (лічы, аналяг "бацькі").
Аднойчы падчас вандроўкі па Эгіпце я страшэнна напалохаў мясцовага жыхара.
Той завёў сьвецкую размову з выразным намерам папрасіць "бакшыш". Аб гэтай завядзёнцы тамтэйшых жыхароў — скрозь прыставаць да замежнікаў, каб выпрасіць фунт-другі — мне ўжо даводзілася распавядаць.
Дык вось, на ягонае пытаньне, як завуць шаноўнага іншаземца, я нядоўга думаючы ляпнуў:
— Мубарак. Хосьні Мубарак.
Небараку як токам працяла. Ён умомант выпарыўся. Палічыў, відаць, што ад пэрсаналізаванага палітычнага гумару варта трымацца падалей.
Зрэшты, і я болей так жартаваць не рызыкнуў.
Дзеля справядлівасьці зазначу, што ў арабскім сьвеце рэжым Мубарака далёка не самы адыёзны.
"Раіс" дазваляе трохі плюралізму і нават наяўнасьць апазыцыі ў парлямэнце.
Дый апазыцыя там, кладучы руку на сэрца, яшчэ тая. Дай фундамэнталістам волю — другі Іран атрымаецца.
Дарэчы, Штаты падтрымліваюць афіцыйны Каір субсыдыямі за ляяльную палітыку (каля 3 мільярдаў даляраў штогод). Іншым разам трохі ўшчуваюць за брак дэмакратыі (дарэчы, там былы супернік Мубарака на выбарах атрымаў пяць гадоў турмы!), але ўвогуле глядзяць паблажліва.
Так што і для Захаду геапалітычныя інтарэсы іншым разам важнейшыя, чым як абстрактныя прыгожыя прынцыпы.
Маючы гэта на ўвазе, і Менск сёньня спрабуе прадаць Эўропе сваю новую антыкрамлёўскую пазыцыю. Будзем вашым фарпостам і ўсё такое. А вы нам інвэстыцыі і ўсё такое. А дэмакратыя — ну, некалі ж вырулюем!
Але ўжо і Эгіпет, здаецца, нас абганяе. Мубарак пад ціскам Вашынгтону мусіць ладзіць канстытуцыйную рэформу. Наважыўся перадаць частку сваіх паўнамоцтваў парлямэнту.
Мо' і над тым блогерам ўрэшце зьлітуюцца.
А ўвогуле сумна, што на загаловак гэтага артыкулу рэагуюць як на беларускую навіну.
Усё ж ня ў Афрыцы жывем. Цэнтар Эўропы. ХХІ стагодзьдзе. А палітычныя норавы нагадваюць эпоху фараонаў.