Ранкам 13-га лютага на 57-м годзе жыцьця пасьля невылечнае хваробы ад нас пайшла цудоўная інтэлігентная жанчына, дэмакратычная актывістка Тамара Грузнова.

Яна брала актыўны ўдзел у нацыянальным адраджэньні, апошняя хваля якога прыпала на канец мінулага стагодзьдзя. Да 1999 г., пакуль сп-ня Тамара была выхавацелькай дзіцячага садка ДП "Менскцепласеткі", яна дабівалася ягонай беларусізацыі. Праз гады на старонках часопісу "Пралеска" былыя выхаванцы садка спадарыню Тамару ўзгадвалі цёплымі словамі.

Калі Тамара Грузнова сышла на пэнсію, яна некаторы час працавала ў сядзібе Беларускага народнага фронту, потым – у Таварыстве беларускай мовы. Энэргічная жанчына зьяўлялася старшынёй суполкі ТБМ Ленінскага раёна, зьбірала складкі, распаўсюджвала газэту "Наша слова", апошнія гады была тэхнічнай сакратаркай цэнтральнай сядзібы ТБМ.

Дзякуючы чалавечым якасьцям маленькай інтэлігентнай жанчыны, якая хварэла за справу душой, да раённай суполкі далучаліся людзі, і згуртаваньне беларусафілаў стала адным з найвялікшых у Менску.

13 лютага ў кватэру да сп-ні Тамары прыйшлі далёкія сваякі, сябры, знаёмыя. Усе ўзгадвалі яе гасьціннасьць, гатоўнасьць прыйсьці на дапамогу. Імя Грузновай вядома далёка за межамі Серабранкі. У яе доме рабілася беларуская гісторыя.

Тут рэгулярна зьбіралася Свіслацкая рада БНФ, праводзіліся сустрэчы і каардынацыя дзейнасьці ўсіх дэмакратычных сілаў Ленінскага раёна. Сустрэчы ў Грузновых заўсёды вызначаліся цеплынёй і душэўнасьцю. У іх бралі ўдзел такія знакавыя асобы, як Зянон Пазьняк, Вінцук Вячорка, Аляксандар Дабравольскі, Валянціна Палевікова, Алег Трусаў, Васіль Лявонаў, Павал Казлоўскі, Лявон Баршчэўскі, Станіслаў Гусак, Юры Хадыка, Уладзімер Мацкевіч, Іна Кулей ды іншыя. "Яна была сапраўднай гаспадыняй", – згадвае былы кіраўнік Сьвіслацкай рады Барыс Драздоўскі.

Падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў Тамара прапанавала разьмясьціць у сваёй кватэры штаб аб’яднаных дэмакратычных сілаў, пры гэтым яна актыўна агітавала і зьбірала подпісы за адзінага кандыдата.

Так склалася, што ў Тамары не было дзяцей. Мабыць таму ўсю нерастрачаную цеплыню і спагаду Тамара дарыла мужу Валеру і людзям, якія былі вакол яе.

За гэта яе цанілі, любілі і шанавалі.

Памяць пра яе застанецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?