Пра Мілінкевіча, Лукашэнку і вечную нуду беларускіх русафілаў піша Віталь Тарас.

Нядаўна давялося паглядзець спэктакль «Іванаў» на сцэне Тэатру беларускай драматургіі. На мой дылетанцкі погляд, пастаноўка выйшла цалкам прыстойная, акторскае майстэрства ў цэлым — на ўзроўні. Праўда, ў перакладзе Скарынкіна Антон Чэхаў гучыць крыху нязвыкла. Часам цяжка пазбыцца ўражаньня, што дзея п’есы адбываецца не ў расейскай правінцыі пачатку мінулага стагодзьдзя, а ў беларускім мястэчку. Добра гэта ці дрэнна — асобнае пытаньне. Тым ня менш, галоўнага героя п’есы — дэпрэсіўнага інтэлігента Іванава зь ягонай хваравітай рэфлексіяй і сумленнасьцю наўрад ці назавеш тыповым пэрсанажам нашых дзён. (Пры тым, што колькасьць самагубстваў у Беларусі, згодна са статыстыкай, расьце). Больш тыповым падаецца граф Шабельскі, які з усяго зьдзекуецца, з усяго зьедліва насьміхаецца ды піша ананімкі зь «любові да праўды». Пра яго іншы пэрсанаж п’есы кажа, што графу лепей набіць рот пакляй, падпаліць і потым пыхкаць смуродам на людзей.

Гэты спэктакль мне ўспомніўся пасьля таго, як патрапіўся на вочы артыкул «Шум вакол мэсіджу» на сайце «Наша меркаваньне».

Каб пазьбегнуць эфэкту, падобнага да таго, што ўзьнік падчас перакладу Чэхава на беларускую мову, і каб не сказіць думку й стыль аўтара, што падпісаўся як Андрэй Сакалоў, прывяду некалькі фрагмэнтаў артыкулу на мове арыгіналу:

«Среди наших пикейных жилетов оживление. Ну как же! Бывший Единый, но всё еще остающийся, по крайней мере для Запада, Единственным, послал, как теперь говорят образованные люди, мессидж нашему Великому и Ужасному».

«И как же взбаламутилось наше пикейно-жилетное болото! Какие тут пошли прикидки, расчеты, анализы, схватки и полемики! В лавочке, именуемой Национальной, даже опрос провели: а вы бы подали руку Великому и Ужасному?»

»Руку, товарищ Великий и Ужасный!!! Ведь у нас столько общего! Это неважно, что народ безмолвствует. Он дурной, некультурный, не знает правильной дороги. Мы и без него, без дядьки Антося и тетки Гэли, всё как надо сделаем. Как ты делал и делаешь. Мы согласны».

»Но тихо, мертво вокруг. И уже затихает шум от мессиджа Единственного. И надо ждать нового события.

А пока — всё та же тоска, собачья тоска.

И собачье ожидание — кто бы пригрел, погладил?»

Аўтар грэбліва называе “НН” нацыянальнай лавачкай

Палемізаваць зь невядомым мне аўтарам, захопленым уласным сарказмам, падаецца лішнім. Але з другога боку, гэты артыкул уяўляецца вельмі характэрнай і тыповай рэакцыяй часткі журналістаў на апошнія падзеі ў асяродку дэмакратычных сілаў. Не выкрываньне «Нашай Нівы», якую аўтар грэбліва называе «нацыянальнай лавачкай». А менавіта ацэнка апошніх падзеяў, найперш — ліста Мілінкевіча Лукашэнку. Апошні не называецца сваім імем, але параўноўваецца з героем казкі «Чараўнік смарагдавага гораду» — Гудвінам, «вялікім і жахлівым». Іншыя палітыкі, а таксама й журналісты параўноўваюцца з пэрсанажамі «Залатога цяляці» Ільфа і Пятрова — «пікейнымі жылетамі».

Карціна, якую малюе аўтар, за апошнія пятнаццаць гадоў сталася звыклай для чытача, дзякуючы падобным публікацыям: вакол пустыня і мярцьвечча. Што «нацыянальная лавачка», што нейкія там лібэралы — адное рабое. «И скучно, и грустно, и некому руку подать».

Як у тым савецкім анэкдоце — усе вакол у г…, адзін я ў белым фраку. Паводле лёгікі аўтара артыкула, сядзеў бы Мілінкевіч спакойна, ведаў бы сваё месца, адведзенае яму загадзя палітыкамі ды паліттэхнолягамі, не вытыркаўся б са сваім лістом — ніхто б яго і не чапаў. Бо пакуль ён сядзеў ціха, вакол віравала ўсімі фарбамі палітычнае жыцьцё. А як толькі напісаў — дык адразу невядома скуль узялася туга.

Пакуль Мілінкевіч сядзеў ціха, вакол віравала ўсімі фарбамі палітычнае жыцьцё

Але самае галоўнае, што вынікае з публікацыі ў «энэмэнбай»: альтэрнатывай гнюснай сітуацыі ў Беларусі можа быць толькі Расея, дзе інтэлектуальнае жыцьцё квітнее ня толькі ў Інтэрнэце, дзе самыя розныя апазыцыйныя газэты ды часопісы — вы не паверыце! —прадаюцца. «І не падпольныя, а ў кіёсках, у каталёгах, у нармальных друкарнях. А ўжо свае тэле- і радыёканалы — гэта такое шчасьце было б. Ужо як бы дзякавалі Вялікаму і Жахліваму за такую міласьціну. Рукі-ногі цалавалі б!», — малюе карціну росквіту «сувэрэннай дэмакратыі» ў Расеі Андрэй Сакалоў. Толькі дзе ён, цікава, бачыў хоць адзін расейскі тэлеканал, які б ня тое што крытыкаваў — ня славіў бы Пуціна ды ягоную мудрую палітыку на ўсе лады ад раніцы да вечара? Ці лабызаць задняе месца расейскаму кіраўніку Сакалоў лічыць заняткам больш гігіенічным і натуральным, чым цалаваць канечнасьці іншых дыктатараў? Так бы мовіць, ногі мыць і ваду піць.

Можа быць, зьяўленьне найноўшага інтэрнэт-праекту ў расейскім інтэрнэце, створанага загадкавым рухам за вылучэньне Лукашэнкі ў кандыдаты на прэзыдэнта Расеі на выбарах-2008, ёсьць таксама прыкметаю дэмакратыі, а не правакацыяй расейскіх спэцслужбаў? І крэмлезнаўца Паўлоўскі ў сваёй перадачы на НТВ гаворыць, што большасць апытаных расейцаў падтрымалі б «звяржэньне рэжыму» Лукашэнкі проста так, дзеля прыгожага слоўца?

Можа быць.

Толькі вось сайт «Беларускі партызан», які спадар Сакалоў абараняе ад нехарошых людзей з «нацыянальнай лавачкі», надрукаваў нядаўна артыкул Валер’я Косткі, дзе той папярэджвае: «Нацыянальныя ідэі апазыцыі ніколі ня ўпісваліся ў імпэрскія расейскія ідэі. Таму агентура ўплыву, як у атачэньні прэзыдэнта, гэтак і ў апазыцыйным асяродку, прыкладае ўсе намаганьні дзеля абмежаваньня ўсялякага ўплыву з боку апазыцыі на кіраўніка дзяржавы, каб ня даць ідэям нацыянальнага адраджэньня узьняцца на ўзровень дзяржаўнае палітыкі…Можа скласьціся прынцыпова новая сытуацыя, калі нацыянальнай апазыцыі будзе процістаяць ня ўлада, але апазыцыя з прарасейскімі інтарэсамі».

У гэтай сітуацыі, на думку Валер’я Косткі, адказнасьць нацыянальнае апазыцыі за будучыню Беларусі, яе незалежнасьць, узрастае неймаверна. Далей ён крытыкуе апазыцыю за адсутнасьць еднасьці, за тое, што ўнутраныя разборкі выносяцца на публічнае абмеркаваньне, і гэта шкодзіць ёй як унутры краіны, гэтак і за яе межамі.

Усё гэта бясспрэчна. Як бясспрэчна й тое, што ні апазыцыя, ні хтосьці зь яе лідэраў ня могуць быць «сьвятарнымі каровамі», якіх нельга крытыкаваць у прэсе. (У вольнай прэсе, зразумела, а не ў дзяржаўных сродках масавай прапаганды, якія СМІ, строга кажучы, не зьяўляюцца.)

Але ёсьць крытыка і крытыка. Калі палітыка, ці нейкую іншую публічную асобу публічна абвінавачваюць у здрадзе апазыцыі ды справе дэмакратыі ўвогуле, гэта больш нагадвае данос, чым крытыку. І ня так важна, куды скіраваны данос — у Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі, у Крэмль, у Варшаву ці ў «Вашынгтонскі абкам». Мэтай даносаў заўсёды былі ня столькі любоў да праўды і ўсталяваньне ісьціны, колькі зусім іншыя, куды больш прыземленыя інтарэсы даносчыкаў.

Ніхто ў шэрагах беларускай апазыцыі, у тым ліку Мілінкевіч, нідзе не казалі аб тым, што яны даруюць кіраўніку Беларусі зьнікненьне людзей, палітычныя арышты, няправедныя суды, фальшаваньне выбараў. Яны проста прапануюць яму скарыстацца унікальным момантам дзеля таго, каб папрацаваць на карысьць Бацькаўшчыны, а ня толькі на сябе.

Лукашэнка ня пойдзе насустрач апазыцыі, бо гэта пярэчыць ягонай прыродзе.

Хутчэй за ўсё, Лукашэнка ня пойдзе насустрач апазыцыі, бо гэта пярэчыць ягонай прыродзе. Але, як даўно вядома ў палітыцы, каб быць рэалістамі, трэба патрабаваць немагчымага.

Не спрабаваць выкарыстаць сёньняшні момант у беларуска-расейскіх адносінах на карысьць незалежнасьці й дэмакратыі Беларусі было б значна горшай памылкай, чым падстаўляцца пад агонь крытыкі абаронцаў Вялікай і Жахлівай Энэргэтычнай Дзяржавы. Гэтым крытыкам ніколі не было справы да Беларусі. Для іх яна была і ёсьць «национальной лавочкой». Жывучы ў Беларусі як у расейскай правінцыі, не адчуваючы найменшае павагі да беларускай гісторыі, мовы й культуры, яны былі й застаюцца правінцыяламі. Для іх любы беларускі палітык, грамадзкі дзеяч, журналіст — паводле свайго вызначэньня нецікавы й нудны, няздольны сказаць ці зрабіць нешта каштоўнае, вартае іхнае ўвагі, а не выскаленьня альбо пустога сьцёбу.

Але ж ім, насамрэч, няма справы і да дэмакратыі, паколькі называць дэмакратычным рэжым, які ўсталяваўся ў Расеі пры Пуціне, можа альбо ідыёт, альбо вельмі лукавы чалавек. Ня маючы цьвёрдых прынцыпаў, яны, падобна чэхаўскаму графу Шабельскаму, размахваюць сваёй палемічнай шабелькай направа й налева, не шкадуючы ні сваіх ні чужых, ні «нацыянал-здраднікаў» ні «лібэрастаў».

Толькі, як казаў некалі Леў Талстой пра Леаніда Андрэева: «ён палохае, а мне ня страшна». Аўтару «НМ» падаецца, што ён жыве ў пустыні і яму хочацца скуголіць ад нудоты? На здароўе.

Астатнім нудзіцца няма калі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?