10 мая грамадскае аб’яднанне «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» накіравала ў Мінгарвыканкам чарговы запыт.

На гэты раз старшыня ТБМ, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў просіць сталічныя ўлады паведаміць, хто прызначаны старшынёй міжведамаснай камісіі, створанай для вывучэння пытання аб запланаванай рэканструкцыі аб’ектаў былога кляштара бернардзінцаў у Мінску, а таксама яго каардынаты. Пры гэтым у лісце на імя старшыні камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінскага гарвыканкама Анатоля Нікіціна падкрэсліваецца, што міжведамасная камісія створана па даручэнні Адміністрацыі прэзідэнта ў сувязі з калектыўным зваротам вернікаў, якія пратэстуюць супраць размяшчэння забаўляльных устаноў у былым кляштары бернардзінцаў — помніку архітэктуры барока XVII стагоддзя, што размяшчаецца ў будынках па вуліцы Кірыла і Мяфодзія, 6 і 8.

У інтэрв’ю БелаПАН А.Трусаў выказаў задавальненне ў сувязі з пачаткам планамерных археалагічных раскопак на тэрыторыі кляштарскага комплексу і першымі унікальнымі знаходкамі. Прычым фота некаторых з рэліквій ужо прадстаўлены ў апошнім нумары штотыднёвіка «Наша ніва». Вучоны лічыць вельмі своечасовым і неабходным правядзенне грамадскага абмеркавання праекта рэканструкцыі аб’ектаў былога кляштара з абавязковым удзелам вернікаў. «Я спадзяюся, што міжведамасная камісія будзе садзейнічаць правядзенню ў Мінску такіх грамадскіх слуханняў па выкарыстанні і рэстаўрацыі гэтага унікальнага помніка архітэктуры», — сказаў А.Трусаў.

7 сакавіка, пасля таго як стала вядома аб планах гарадскіх уладаў перадаць будынкі кляштара інвестарам для іх рэканструкцыі і прыстасавання, пачаўся збор подпісаў пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне кляштара бернардзінцаў рымска‑каталіцкай абшчыне святога Іосіфа, якая трэці год праводзіць штотыднёвыя малебны за перадачу былой святыні вернікам. Тым часам з будынкаў кляштара выселены службы ваеннай камендатуры і пракуратуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?