Пуцін перад самітам "вялікай восемкі" настрашыў Захад новымі заявамі. Ён прыгразіў перанацэліць ракеты на Эўропу, калі амэрыканцы разьмесьцяць у Польшчы ды Чэхіі элемэнты проціракетнай абароны. Ці азначае гэта, што дзеля "асымэтрычнага адказу" Крамля будуць запатрабаваныя вайсковыя паслугі Беларусі?

Калі будзе далейшая эскаляцыя напружанасьці, то выкарыстаньне беларускага пляцдарму цалкам імавернае. Так лічыць менскі вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін, зь якім я толькі што меў гаворку.

Зь ягоных слоў, нашая тэрыторыя можа спатрэбіцца ў двух варыянтах. Па-першае, расейскія бамбавозы Ту-95 і Ту-160 (яны нясуць ракеты, здольныя зьнішчаць тыя самыя элементы ПРА) могуць скарыстоўваць тутэйшыя "аэрадромы падскоку". І гэты варыянт мэтадычна адпрацоўваецца апошнімі гадамі падчас вайсковых манэўраў.

Па-другое, кажа Алесін, не выпадкова расейцы днямі выпрабавалі ракету "Іскандэр". Гэта апэратыўна-тактычная зброя можа выкарыстоўвацца на адлегласьці да 500 км. І натуральна, яе ў выпадку "асымэтрычнага адказу" варта разьмясьціць як мага далей на захад. Расейскія стратэгі пакуль што кажуць пра Калінінградзкую вобласць. Але Беларусь у гэтым выпадку — найзручнейшы варыянт.

Тым болей што айчыннае кіраўніцтва апошнім часам настойліва рэклямуе адпаведныя паслугі. Гэтая тэма выразна прагучала падчас нядаўняга візыту ў Менск краснаярскага губэрнатара Хлапоніна. Беларускі афіцыйны лідэр перадаў празь яго выразны сыгнал Крамлю, сказаўшы наўпрост, што "Расея толькі ў хаўрусе зь Беларусьсю можа даць самы адэкватны і асымэтрычны адказ на разьмяшчэньне ПРА у Эўропе".

Пасьля сьвежай заявы Пуціна вайсковае лобі ў Маскве пацірае рукі. Генэрал Івашоў, прэзыдэнт Акадэміі геапалітычных праблемаў, фактычна пацьвердзіў прагнозы нашага экспэрта Алесіна: "Па-першае, варта разгарнуць ў Калінінградзкай вобласьці і Беларусі комплекс "Іскандэр". Па-другое, трэба рэзка падняць значэньне нашай стратэгічнай авіяцыі з крылатымі ракетамі, паколькі гэта больш танна, надзейна і ніякімі ПРА не перахопліваецца. І па-трэцяе, трэба папрацаваць што да фармаваньня геапалітычных хаўрусьнікаў, у тым ліку і ў Эўропе — найперш зь Беларусьсю — і напоўніцу рэалізаваць ідэю адзінай абароннай прасторы".

Заўважым: тое, што для генэрала выглядае "танна ды сярдзіта", можа дорага абысьціся беларусам. Калі дойдзе да ваеннай катавасіі, дык мала ня здасца.

Іншая рэч, наколькі далёка захоча пайсьці Крэмль у канфрантацыі з Захадам. Усё ж на рымэйк халоднай вайны трэба занадта шмат сродкаў. Дый камэрцыйнымі інтарэсамі расейскі істэблішмэнт надта ж зьнітаваны з тэрыторыямі "імавернага праціўніка".

"Усе ракеты ўжо даўно нацэленыя і перанацэленыя куды трэба, — выдаў вайсковую таямніцу кіраўнік расейскай Рады замежнай ды абароннай палітыкі Сяргей Караганаў. — А вось калі мы будзем разгортваць лішнія, то гэта можна назваць толькі ідыятызмам!".

Так што ў ваяўнічых заявах Крамля — вялікі піяраўскі складнік. У прыватнасьці, каб заходнікі адчапіліся і далі спакойна правесьці апэрацыю "Пераемнік" (для наіўных: чарговыя выбары прэзыдэнта Расеі).

Адпаведна і надзеі Менску на эканамічны выйгрыш ад узмацненьня стратэгічнага альянсу могуць аказацца перабольшанымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?