«Газпром» прагназуе сярэднеэўрапейскую цану на газ у 2008 годзе ў памеры 300 даляраў за тысячу кубамэтраў. Тацяна Манёнак: Ня варта ілюзій, нас чакае непразрысты гандаль з «Газпромам».

Кошт газу для Беларусі будзе прывязаны да цаны на газ для Польшчы, паведамілі БелаПАН у прэс‑службе ААТ «Газпрам».

Як вядома, згодна з кантрактам, падпісаным паміж кіраўніцтвам «Газпрама» і ўрадам Беларусі 31 снежня 2006 года, у 2008 годзе кошт на газ павінен скласці 67% ад цаны на еўрапейскім рынку за вылічэннем транспартных расходаў, у 2009 годзе — 80%, у 2010 годзе 90%. Да 2011 года цана на газ для Беларусі дасягне еўрапейскага ўзроўню.

У прэс‑службе «Газпрама» патлумачылі, што для еўрапейскіх краін цана «ўсюды свая», хаця існуе паняцце «сярэднееўрапейскай цаны, але яна не агучваецца». Што тычыцца Беларусі, то кошт будзе вызначацца «зыходзячы з цаны на газ для Польшчы за вылічэннем транзіту плюс паніжальны каэфіцыент», зазначылі ў прэс‑службе.

Разам з тым, паводле звестак экспертнага інтэрнет‑рэсурсу Opec.ru, «Газпрам» прагназуе сярэднееўрапейскую цану на газ у 2008 годзе ў памеры 300 долараў за тысячу кубаметраў. Такую лічбу агучыў на мінулым тыдні намеснік старшыні праўлення «Газпрама» Аляксандр Мядзведзеў падчас перамоў з прадстаўнікамі Украіны.

Украінскаму боку, дарэчы, удалося запэўніць «Газпрам» адмовіцца ад ідэі прывязаць кошт газу для Украіны да еўрапейскага. Паводле звестак газеты «Коммерсант Украины», удзельнікі перамоў запэўнілі «Газпрам» у тым, «што Украіна мае адмысловы статус — аператара транзіту 80% расійскага газу, і таму цана для яе павінна фарміравацца па іншых прынцыпах».

Нагадаем, на прэс‑канферэнцыі 1 лістапада пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў паведаміў, што кошт расійскага газу для Беларусі ў 2008 годзе можа скласці ад 120 да 150 долараў за тысячу кубаметраў. Ён падкрэсліў, што рознагалоссяў па формуле цаны на газ паміж «Газпрамам» і Беларуссю быць не павінна.

БелаПАН

Заяву прэс‑службы ААТ «Газпраму» наконт прывязкі цаны газу для Беларусі ў 2008 г. да цаны для Польшчы камэнтуе аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак.

Нічога надзвычайнага ў гэтай заяве няма. Беларусь суседнічае з Польшчай і такі падыход у фармаваньні цаны прымальны. Эўрапейская формула цаны мае шмат складнікаў, пра якія мы ня ведаем, і тут галоўнае, каб «Газпрам» прытрымліваўся ранейшых пагадненьняў. Варта адзначыць, якія ўмовы цяпер склаліся для чарговых перамоваў. Выглядае на тое, што расейскі бок не настроены на канфлікт і гатовы гандлявацца. Узгадайма тыя ж словы расейскага пасла Сурыкава, што цана газу для Беларусі будзе вагацца ад $120 да $150 за кубамэтар. Гэта цікава, бо паводле эўрапейскай формулы Беларусь павінна плаціць сама мала $160. «Газпрам» згодны на гандаль ужо таму, што мае ў Беларусі стратэгічныя інтарэсы. Са сьвежых прыкладаў — той жа гарадзенскі «Азот». Адзінае, што гандаль гэты будзе схаваны ад староньніх вачэй.

Запісаў Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0