Палітыка
8 каментароў | 17:19, 21 лютага 2008

Сябры Аргкамітэту па правядзеньні першай агульнанацыянальнай дыктоўкі і ўтварэньня Агульнанацыянальнай нядзельнай беларускай школы склікалі прэс‑канфэрэнцыю.

Што?

Аўтарам ідэі правядзеньня першай агульнанацыянальнай дыктоўкі выступіў кандыдат філязофскіх навук Уладзімер Падгол. Ідэя ўзьнікла пасьля размовы з адным з вэтэранаў нацыянальнага руху. Той паскардзіўся, што ня можа больш праз кепскае самаадчуваньне наведваць шэсьці. Пасьля той гутаркі, распавядае сп. Падгол, ён даведаўся, што літоўцы трэці раз 26 студзеня правялі па ўсім сьвеце агульнанацыянальную дыктоўку. Напрыклад міністар замежных справаў Літвы Пятрас Вайтэкунас пісаў яе ў Нямеччыне разам з кіраўнікамі літоўскіх грамадаў краінаў ЭС. Пісалі і беларускія літоўцы ў пасольстве Літвы ў Менску. Так узьнікла думка: «А чаму б і нам, беларусам, перад 25 Сакавіка не напісаць разам агульнанацыянальную дыктоўку?» Такія дыктоўкі пішуць ня толькі ў Літве, але й у Польшчы ды Францыі, дзе гэта ёсьць не пытаньнем ратаваньня мовы, а яднаньня нацыі.

Дзе?

Дзеля супольнага правядзеньня дыктоўкі ў Менску сябры Аргкамітэту зьбіраюцца падаваць заяўкі на выдзяленьне заляў у Нацыянальнай, Купалаўскай, Пушкінскай бібліятэках, у бібліятэках БДУ і Пэдунівэрсытэту. У выпадку адмовы падрыхтаваны запасны варыянт: па магчымасьці жадаючых прымуць сядзібы Партыі БНФ і ТБМ. Прыхільнікам роднай мовы ў рэгіёнах прапануецца арандаваць памяшканьні на месцах. Можна зьбірацца дзеля гэтай справы на кватэрах. Віцебскі дэмакратычны актывіст Барыс Хамайда зьбіраецца пісаць дыктоўку на вольным паветры ў сваім традыцыйным месцы ў родным Віцебску.

Напісаць дыктоўку запрашаюцца беларусы, што знаходзяцца па‑за межамі Беларусі. Падтрымаць іх гатова грамадзкае аб’яднаньне Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

Калі?

Аргкамітэт вырашыў правесьці першую агульнанацыянальную дыктоўку 23 сакавіка ў нядзелю. Пачатак акцыі а 10‑й, заканчэньне — а 18‑й. «Гэта будзе вольны дзень, каталікі акурат тады будуць сьвяткаваць Вялікдзень». Правяраць тэксты дыктовак будуць прафэсійныя выкладчыкі беларускай мовы. 25 сакавіка — у дзень адзначэньня 90‑годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі — вынікі агульнанацыянальнай дыктоўкі будуць агучаныя незалежнымі СМІ.

Як?

На дадзены момант Беларускі ПЭН‑цэнтар абвесьціў конкурс на напісаньне тэксту дыктоўкі. Зацьверджаны тэкст запішуць на лічбавыя і відэаносьбіты і будуць дасылаць усім жадаючым узяць удзел у акцыі. У месцах масавага напісаньня дыктоўкі тэкст будуць чытаць выкладчыкі беларускай мовы. Здаваць на праверку напісанае неабавязкова, рабіцца гэта будзе па асабістым жаданьні кожнага ўдзельніка. Арганізатары мерапрыемства зьвяртаюцца да ўсіх жадаючых напісаць дыктоўку з заклікам фатаграфаваць падзею і дасылаць у Аргкамітэт здымкі. «ААН назвала гэты год годам Роднай мовы, таму ёсьць сэнс зладзіць фотавыставу паводле нашай акцыі і ў сьценах гэтай арганізацыі» — прапанаваў У. Падгол.

Навошта?

«Мы зробім дыктоўку дыктатарам — тым, што кожны дзень нам кажуць, што на нашай мове нічога вартага не напішаш і ня скажаш, тым, што адмаўляюцца даваць афіцыйныя адказы па‑беларуску, кажучы, што ў краіне дзьве дзяржаўныя мовы» — гаворыць Уладзімер Падгол. На яго думку, сама акцыя сумеснага напісаньня дыктоўкі ва ўсіх куточках Беларусі і за яе межамі можа стаць усясьветнай дэманстрацыяй салідарнасьці беларусаў з роднай мовай.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч мяркуе, што толькі само грамадзтва з нутры можа зьмяніць моўную сытуацыю. Ён распавёў, што некаторыя з партыйных лідэраў, зь якімі ён меў гутарку, адмаўляюцца ад напісаньня дыктоўкі, бо гэта несур’ёзна. «У гэтых спадароў ёсьць месяц на развагі, бо пасьля будзе сорамна — нават паслы краінаў Эўрасаюзу будуць пісаць разам з намі гэтую дыктоўку» — адзначыў В. Івашкевіч.

«Мне сорамна за сёньняшніх беларускіх журналістаў, якія нават пра Дуніна‑Марцінкевіча распавядаюць па‑расейску» — сказала старшыня БАЖу Жана Літвіна. На яе думку, са свайго боку журналісты павінныя ня толькі асьвятляць падзею, але й прыняць асабісты ўдзел.

«Мы ня маем сёньня ніводнага з кодэксаў законаў па‑беларуску, але не павінны толькі жаліцца — трэба самім нешта рабіць. Прыклады Жалезьнічэнкі ды іншых паказваюць, што такія ініцыятывы даюць плён» — падкрэсьліў праваабаронца Алесь Бяляцкі.

«Галоўнае — ня колькасьць напісаных дыктовак і іх якасьць, а сам факт гэтай акцыі — нашае пытаньне мусіць прагучаць па ўсім сьвеце. І гэта павінна стаць нашай добрай традыцыяй» — было агульнае меркаваньне сяброў Аргкамітэту.

Аргкамітэт зьвярнуўся да ўсіх неабыякавых суайчыньнікаў паспрыяць стварэньню прызавога фонду. Пісьменьнік і выдавец Уладзімер Сіўчыкаў вызваўся ахвяраваць свой заробак на прызы пераможцам дыктоўкі.

У Аргкамітэт па правядзеньні першай агульнанацыянальнай дыктоўкі і ўтварэньня Агульнанацыянальнай нядзельнай беларускай школы ўвайшлі: старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі ГА «БНФ «Адраджэньне» Віктар Івашкевіч, кіраўнік ГА ЗБС «Бацькаўшчына» Аляксей Марачкін, віцэ‑прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, старшыня ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» Алег Трусаў, старшыня ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» Алесь Пашкевіч, старшыня ГА «Беларускі ПЭН‑цэнтар» Уладзімер Някляеў, старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна.

Сямён Печанко

Падзяліцца навіной:         
8 каментароў падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Наталля напiсаў(ла) Люты 21, 2008 у 17:47
На якой мове пісаць? На тарашкевіцы ці наркамаўке? Можа гэта нас ўсіх аб'яднае? Будзьма разам!
Саянаў напiсаў(ла) Люты 21, 2008 у 18:37
Не зразумеў,нажаль,сэнс прапануемага дзейства. Вось жа й дурань! І ў апытаньні не тое націснуў.
Я - за!
Пытаньне "тарашкевіца-наркамаўка" - мяне не займае.Я напішу так,як напішу.
Дыктуйце!
Кнехт напiсаў(ла) Люты 21, 2008 у 19:07
Прапаную тэмы для дыктоўкі.
1. Закон \"Аб мовах\".
2. Статыстычныя звесткі аб колькасьці вучняў у Беларусі ў цэлым і ў Мінску ў прыватнасці, якія навучаюцца на беларускай мове.
3. Звесткі аб колькасці дзяцей, якія наведваюць беларускамоўныя дзіцячыя садкі (у Беларусі і ў Мінску).
4. Прывесці пералік міністэрстваў і ведамстваў, якія ўжываюць беларускую мову ў справаводстве.
5. Падлічыць і прадыктаваць працэнт беларускамоўнага тэле- і радыёвяшчання.
........................
Прашу спадарства дапоўніць спіс тэм, якія неабходна \"прадыктаваць\" самім сабе, каб зразумець, куды мы загналі беларускую мову ў Беларусі.
\"Агульнанацыянальнай нядзельнай беларускай школай\" мы дапаможам адраджэнню беларускай мовы, як мёртваму прыпаркай.
Але ж лепш хоць што-небудзь рабіць, чым нічога.

ПРАПАНОВА
Як мы даведаліся са слоў спадара Падгола, ідэя правядзення агульнанацыянальнай дыктоўкі запазычана з вопыту краінаў, у якіх нацыянальныя мовы з\'яўляюцца адзінымі дзяржаўнымі (Літва, Францыя). У гэтых варунках такія дыктоўкі ў\'яўляюць сабою сьвята мовы, абуджаюць і падмацоўваюць інтарэс да мовы суайчыннікаў, раскіданых па свеце.
А якое сьвята будзем святкаваць мы, беларусы? Якія беларускія словы ўспомняць нашы суграмадзяне за мяжою? - \"Грамадзяне, будзьце пільнымі! Беражыце свае кішэні і сумкі ад злодзеяў!\"
На мой погляд, калі ўжо нам пісаць \"дыктоўку\", дык гэта павінны быць распрацаваныя аргкамітэтам абразцы заяў ва ўсемагчымыя ўстановы з патрабаваннем дубліравання ЎСІХ надпісаў, абвестак,цэннікаў і т.п. і т.п. на беларускай мове (беларуская мова павінна йсці першай), а таксама кароткія тэксты для запісаў у кнігі прапаноў з аналагічнымі патрабаваннямі.
Лісты на тэлебачанне, радыё, ў адміністрацыі раёнаў і гарадоў...
І запатрабаваць адказу ад чыноўніка на той мове, на якой да яго звярнуліся.

Дыктоўка - ад слова дыктаваць, а тусоўка - ад слова тусавацца.
Віталь з Менску напiсаў(ла) Люты 21, 2008 у 19:13
Лепш бы грошы збіраць не на прызы, а на выданне якой-небудзь беларускай кнігі. У Літве такія шыкоўныя дзіцячыя кнігі прадаюцца, з такімі звыш выдатнымі малюнкамі і такой надзвычайнай якасці, што слінкі цякуць.
Ліс напiсаў(ла) Люты 21, 2008 у 20:21
Добрая, крэатыўная ідэя. Дадае навізны Дню Волі, яднае беларусаў вакол галоўнай каштоўнасці - мовы.
Варыянтаў дыктовак можа быць шмат. Ды і галоўнаму аматару "паэзіі" Васіля Быкава трэ загадзя накіраваць тэкст дыктоўкі. І прапанаваць правесці яе у краіне або у рэзідэнцыі і даслаць назад у Аргкамітэт... Шапка "Манамаха" з яго не зваліцца.
І калі жадаем дыктаваць дыктатару, то варыянтамі могуць быць лісты- звароты у Міністэрства абароны, адукацыі, культуры, інфармацыі з патрабаваннямі выканання Канстытуцыі, Закона "Аб мовах", "Аб дзяржаўнай службе". Бо Палатка і грамадзянін, які зараз займае пасаду кіраўніка прынялі нармальныя артыкулы аб веданні дзяржаўнай мовы.
Толькі вось выконваць артыкулы не жадаюць.......
Кнехт напiсаў(ла) Люты 21, 2008 у 20:42
Ліс напiсаў(ла)

Люты 21, 2008 у 19:21

Бо Палатка і грамадзянін, які зараз займае пасаду кіраўніка прынялі нармальныя артыкулы аб веданні дзяржаўнай мовы.
=======================

Вы не жартуеце? Дзе б пачытаць тыя новыя "нармальныя артыкулы"? Спасылку не дасьце?
Ліс напiсаў(ла) Люты 21, 2008 у 21:09
Для Кнехта.
http://zakanadaustva.narod.ru/zakony/zakon_ab_dziarzaunaj_sluzbie_14_06_03.htm
Закон РБ "Аб дзяржаўнай службе у РБ"
Артыкул 26. Квалiфiкацыйныя патрабаваннi, прад’яўляемыя пры паступленнi на дзяржаўную службу
1. Квалiфiкацыйнымi патрабаваннямi, прад’яўляемымi пры паступленнi на дзяржаўную службу, з’яўляюцца:
1.1. адпаведная адукацыя, за выключэннем выпадкаў, калi для займання дзяржаўнай пасады наяўнасць пэўнай адукацыi не патрабуецца;
1.2. неабходны стаж i вопыт работы па спецыяльнасцi, за выключэннем выпадкаў, калi для займання дзяржаўнай пасады яны не ўстаноўлены;

1.3. валоданне дзяржаўнымi мовамi Рэспублiкi Беларусь;

Таксама Закон "Аб мовах у РБ"
Статья 4. Обязанность руководителей, других работников государственных органов, органов местного
управления и самоуправления, предприятий, учреждений, организаций и общественных
объединений владеть белорусским и русским языками
Руководители, другие работники государственных органов, органов местного управления и самоуправления, предприятий, учреждений, организаций и общественных объединений должны владеть белорусским и русским языками в объеме, необходимом для исполнения ими своих
служебных обязанностей.

Гэтым сказана "А" , але не сказана "Б". І наша мэта, каб гэтыя пазіцыі дзенічалі у поўным аб'еме.
Дарэчы, калі вяртаеш адказ з міліцыі, пракуратуры назад з патрабаваннем даць адказ па-беларуску, то выконваюць гэта патрабаванне. Плюс да усяго магчыма спасылацца на норму Адмін Кодэксу для прыцягнення да адмінадказнасці арт. 9.22 "Парушэнне заканадаўства аб мовах"( стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні дзяржаўнай беларускай мовай") калі будуць настойваць на маскальскіх адказах.......
Патрабуйце і адкрыецца........ Грукайце і ўвойдзіце.
Кнехт напiсаў(ла) Люты 21, 2008 у 21:18
2 Ліс

Дзякуй!
  падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Дадаць каментар (прэмадэрацыя)

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спам-фільтар: увядзіце ўсе лікі без прабелаў (напр. 15091974), каб даслаць каментар.

Апошнія ў рубрыцы
Самае чытанае
Рэдакцыя рэкамендуе
Апошнія абмеркаванні
Верасень 2010г.
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30
© МФВГ "Наша Нiва". Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў - гiперспасылкi) на "Нашу Нiву" Кантакт з Рэдакцыяй: форма зваротнай сувязі; электронная пошта: nn@nn.by; тэлефоны: +375 17 284-73-29 (тэл./факс), +375 29 613-32-32 (Velcom), +375 29 707-73-29 (МТС).