Тапанімічная камісія Гомельскага гарвыканкама запатрабавала даць звесткі аб пражыванні ў Гомелі міністра Беларускай Народнай Рэспублікі Палуты Бадуновай або яе сваякоў.

З гэтай просьбай камісія звярнулася да актывістаў аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», якія ініцыявалі разгляд магчымасці перайменавання вуліцы балгарскага камуніста Георгія Дзімітрава ў гонар П.Бадуновай.

Як паведаміў БелаПАН гомельскі актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі «БХД» Сяргей Трыфанаў, 25 мая тапанімічнай камісіі быў перададзены страхавы дакумент, у якім указана, што на вуліцы, названай цяпер у гонар Г.Дзімітрава, жыў брат П.Бадуновай. Актывісты ўпэўненыя, што гэта была апошняя неабходная даведка для вырашэння пытання аб перайменаванні вуліцы.

Раней па просьбе гарвыканкама камісіі былі пададзеныя звесткі аб тым, якую ролю міністр адыграла ў гісторыі горада і ці была яна рэабілітаваная пасля сталінскіх рэпрэсій.

У канцы 2008 года актывісты звярталіся ў гарвыканкам з просьбай перайменаваць вуліцу Дзімітрава у гонар П.Бадуновай. Разам са зваротам было перададзена больш за 280 подпісаў гамяльчан.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0