Да канца 2009 года ваганні курсу беларускага рубля да кошыка валют не перавысяць аб’яўленыя раней +/‑10%, паведаміў старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч на прэс‑канферэнцыі 29 ліпеня.

Ён адзначыў, што цяпер курс да кошыка валют застаецца стабільным і мяняецца ў межах каля 5%. «Ёсць стабільная раўнавага. Змена курсу адбываецца ў залежнасці ад ваганняў курсаў замежных валют унутры кошыка», — сказаў Пракаповіч, падкрэсліўшы, што ваганняў курсу па ініцыятыве Нацбанка «практычна няма».

Каментуючы чуткі аб магчымай дэвальвацыі беларускага рубля, старшыня Нацбанка адзначыў, што падстаў для яе няма.

«Адзін раз мы нічога не сказалі аб дэвальвацыі рубля — перад 2 студзеня, і гэта было для вас нечакана. Так, мы вінаватыя», — прызнаў Пракаповіч.

Аднак гэта, паводле яго слоў, адбылося «адзін раз за 11 гадоў». «Адзін раз можна сабе такое дазволіць з улікам надзвычайнай сітуацыі. Больш жа мы ніколі не рабілі таго, аб чым не папярэджвалі», — адзначыў кіраўнік Нацбанка. Пры гэтым ён нагадаў, што дэвальвацыя была адной з умоў выдзялення Беларусі стабілізацыйнага крэдыту з боку МВФ.

Пракаповіч паведаміў, што Нацбанк мае намер знізіць стаўку рэфінансавання да канца года да 12% гадавых з цяперашніх 14%, што прадугледжана Асноўнымі кірункамі грашова‑крэдытнай палітыкі Беларусі на 2009 год. Захаванне на працягу першага паўгоддзя стаўкі рэфінансавання было выклікана «сітуацыяй у эканоміцы», патлумачыў ён.

Кіраўнік Нацбанка таксама паведаміў, што да канца года чакаецца зніжэнне працэнтных ставак па крэдытах і рублёвых дэпазітах. «Гэта будзе адбывацца паступова, з тым каб вырашыць галоўную задачу — максімальна прыцягваць сродкі насельніцтва і прадпрыемстваў у банкаўскую сістэму», — адзначыў Пракаповіч.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0