Мала хто з камэнтатараў зьвярнуў увагу: робячы заявы на фабрыцы гародніны, Аляксандар Лукашэнка згадаў і пра амэрыканскія супрацьракеты. Між тым — цікавы нюанс: увечары таго ж дня Пуціну патэлефанаваў Буш. І прапанаваў улагодзіць праблему.

Канешне, проста так супала. Хаця не зьдзіўлюся, калі беларуская прапаганда заявіць, што гэта мы напалохалі Амэрыку :)

Звышзадача згаданай рыторыкі беларускага кіраўніка чытаецца лёгка: узняць у вачох Крамля ролю Беларусі як расейскага стратэгічнага пляцдарму. Гэта дае спадзеў на нейкія эканамічныя прэфэрэнцыі.

Момант, здаецца, зручны. Ужо ня першы тыдзень расейскія мэдыі ды высокія чыны нагнятаюць тэму меркаванага разьмяшчэньня элемэнтаў сыстэмы супрацьракетнай абароны ЗША ў Польшчы ды Чэхіі: маўляў, чарговыя падкопы сусьветнага гегемона! Некаторыя расейскія экспэрты прапаноўвалі ўжо: калі амэрыканцы пойдуць на гэта, трэба паставіць свае ракеты сярэдняй і малой далёкасьці ў саюзнай Беларусі. Пікантнасьць прапановы ў тым, што Амэрыку імі не дастанеш. Можна пусьціць хіба на Бэрлін ці Парыж. Але разьлік акурат на тое, каб убіць клін між Эўропай і Штатамі.

Во якая ідзе гульня! Пры тым што аргумэнты шэрагу экспэртаў сьведчаць: страшылкі датычна гэтых амэрыканскіх ракетаў сьмеху вартыя.

Зрэшты, істэрычную рэакцыю расейскіх мэдыяў ды мэталёвыя заявы маскоўскіх дзеячаў ня варта цалкам прымаць за чыстую манэту. Ёсьць, канешне, непапраўныя адэпты халоднае вайны. Але ўвогуле цяперашняя кіроўная эліта Расеі глядзіць на стасункі з Захадам надзвычай прагматычна. Ёй ёсьць што страчваць ад канфрантацыі. І найболей стрымлівае тое, што там, на Захадзе — ейныя вялікія грошы ды бізнэсовыя інтарэсы. Вось адзін з артыкулаў, які трохі абмалёўвае закулісьсе гэтай праблемы. Карацей, лезьці ў акопы крамлёўцам, пры ўсёй ваяўнічай рыторыцы, зусім недарэчы.

Звыш усяго, Буш сваім тэлефанаваньнем зрабіў моцны ход. Крамлю прапанавана выбудоўваць супрацьракетную абарону супольна. Прапагандовая тэза расейскага боку: маўляў, нахабныя янкі зноў ня раяцца і ня лічацца з нашымі інтарэсамі — адразу павісла ў паветры. Цяпер у Маскве чухаюць патыліцу ды мармычуць нешта зусім невыразнае.

Факт тое, што рымэйку "халоднае вайны", пэўна, ня будзе. І спадзевы беларускага кіраўніцтва выгадаць на імавернай канфрантацыі Масквы з Вашынгтонам прывідныя. Адпаведная рыторыка можа спрацаваць толькі на недасьведчаную аўдыторыю. Зрэшты, да шараговага расейскага электарату заявы беларускага кіраўніцтва сёньня практычна не даходзяць. Пасьля нафтагазавай вайны магчымасьці афіцыйнага Менску дзейнічаць на інфармацыйным полі вялікай суседкі яшчэ болей звузіліся. Так што новыя заявы аб гатовасьці засланіць расейскіх братоў ад заходніх агрэсараў наўрад ці дадуць вялікі піяраўскі эфэкт. Ва ўсякім разе, зьніжак на энэрганосьбіты мы не дачакаемся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?