44-м прэзыдэнтам ЗША стаў сэнатар‑дэмакрат Барак Абама. Ён атрымаў пераканаўчую перамогу над сваім супернікам рэспубліканцам Джонам Маккейнам, набраўшы 52% галасоў супраць 46 у Маккейна, і 349 галасоў калегіі выбарцаў (для перамогі досыць 270). У ЗША ўпалі апошнія расавыя бар'еры.
Абаму ўдалося абудзіць нечуваны энтузіязм маладых выбарцаў, і яўка на выбары стала рэкорднай.
Яшчэ працягваецца падлік галасоў у Мантане, Місуры і на Алясцы, але ўсё ўжо вырашана.
Абама стаў першым афраамэрыканцам, які заняў пасаду кіраўніка краіны. Так Амэрыка канчаткова разьвіталася з расавымі забабонамі.Абама стаў новым увасабленьнем амэрыканскай мары. Народжаны ў беднай сям’і, ён выбіўся ў людзі, скончыў адзін з самых прэстыжных унівэрсытэтаў. Сваю кар’еру ён пачаў не з зарабляньня грошай, як большасьць ягоных аднагодкаў, а з сацыяльнай работы ў Чыкага.
Барак Абама перамог у Нью‑Джэрзі, Нью‑Ёрку, Пэнсыльваніі, усіх штатах Новай Англіі (Вэрмонт, Канэктыкут, Масачусэтс, Нью‑Гэмпшыр, Мэйн, Род‑Айленду), Дэлавэры, Пэнсывальніі, Мэрылендзе, Агаё, Мічыгане, сваім родным Ілінойсе, Вісконсіне, Мінэсоце, Фларыдзе, Каліфорніі, Вашынгтоне, Нью‑Мэксыка, Арэгоне, а таксама фэдэральнай сталічнай акрузе.
У сталічным Вашынгтоне за Абаму прагаласавалі 94% выбарцаў, на Гаваях — 74%, Вісконсіне — 67%,у штаце Род‑Айленд — 63%, Нью‑Ёрку, Дэлавэр, Масачусэтсе — 62%, у Каліфорніі — 59%.
Менавіта перамога ў Каліфорніі, самы шчыльнанаселеным штаце ЗША (гэта 55 галасоў), прывяла Абаму да перамогі і зрабіла яго новым прэзыдэнтам Штатаў.
Джон Маккейн перамог у традыцыйных паўднёвых рэспубліканскіх штатах, дзе яшчэ жывыя расавыя забабоны, — Тэхас, Канзас, Арканзас, Алабама, Місісіпі, Джорджыя, Луізіана, Тэнэсі, Кентукі, Паўднёвая Караліна, а таксама ў Арызоне, Айдаха, Ваёмінгу, Юце. Яшчэ былі здабытыя выйгрышы ў Паўночнай і Паўднёвай Дакоце. Напрыклад, ён набраў 67% у Ваёмінгу і Аклахоме, 61% — у Юце і Айдаха, 54% — у роднай для яго Арызоне.
Пра прэзыдэнцтва Абамы ўсур’ёз загаварылі пасьля таго, як ён атрымаў перавагу ў штатах Фларыда, Агаё і Пэнсыльванія, дзе барацьба кандыдатаў ішла да апошняга.
Абаму ўжо павіншаваў зь перамогай прэзыдэнт Джордж Буш. Джон Маккейн прызнаў паразу і таксама павіншаваў Барака Абаму зь перамогай.«Я б хацеў павіншаваць Абаму з тым, што ён стане наступным прэзыдэнтам краіны, якія мы абодва любім», — сказаў Маккейн. Кандыдат‑рэспубліканец паабяцаў Абаме сваю дапамогу, а таксама падкрэсьліў, што амэрыканцы павінны аб’яднацца дзеля дабра сваёй краіны.
У Грант‑парку ў Чыкага (Грант — гэта прозьвішча славутага амэрыканскага генэрала), дзе праходзіў пасьлявыбарчы мітынг дэмакратаў, сабралася некалькі соцень тысяч чалавек, каб вітаць Барака Абаму зь перамогай. У сталіцы Амэрыкі Вашынгтоне ля Белага Дому сабралася блізу 125 тысяч, які выкрыквалі «Абама! Абама! Абама!»
Новы прэзыдэнт выйшаў да сваіх прыхільнікаў у суправаджэньні жонкі Мішэль і дзьвюх дачок. Зьявіліся таксама на сцэне Джозэф Байдэн, што будзе віцэ‑прэзыдэнтам, са сваёй жонкай.
«Прывітаньне, Чыкага!
Калі нехта сумняецца, ці жывая мара заснавальнікаў Амэрыкі, сёньня ўвечары мы атрымалі адказ: людзі верылі, што іх голас можна прынесьці зьмены.Амэрыка сёньняшнім выбарам дала зразумець, гэта адказ, што мы краіна і што мы можам дасягнуць у гісторыі разам: маладыя і старыя, багатыя і бедныя, дэмакраты і рэспубліканцы, чорныя, белыя, лацінасы, азіяцкага паходжаньня і карэнныя амэрыканцы, геі, людзі традыцыйнай арыентацыі, інваліды і фізычна здаровыя. Мы даказалі ўсяму сьвету, што зьяўляемся наборам ня проста «дэмакратычных» і «рэспубліканскіх» штатаў… Мы — Злучаныя Штаты Амэрыкі. У гэты важны момант перамены прыйшлі ў нашу краіну», — казаў новы прэзыдэнт.
Абама падзякаваў сваёй жонцы Мішэль — «сваёй вернай прыхільніцы і паплечніцы з 16 гадоў», а таксама пажартаваў, што ягоныя дочкі нарэшце атрымаюць новага шчанюка, які пераедзе зь імі ў Белы Дом.
«Гэтая перамога належыць Вам, амэрыканцы. Мы даказалі, што здольныя ажыцьцявіць галоўны лёзунг кампаніі — «Можам!». Сёньняшняя перамога — гэта не тая перамена, якую мы шукалі. Гэта ўсяго толькі прадстаўлены нам шанец для таго, каб зьдзейсьніць яго ў будучыні, — сказаў Абама.
Барак Абама перакананы, што будзе прэзыдэнтам для ўсіх амэрыканцаў і падзякаваў Джону Маккейну за шматгадовую альтруістычную працу на карысьць амэрыканскага народу.
На выбарах у ЗША зафіксавана беспрэдэнтная яўка — на выбарчыя ўчасткі прайшлі 160 млн чалавек.
* * *
Абаму 47 гадоў (нарадзіўся 4 жніўня 1961 г. у Ганалулу на Гаваях). Бацька — кеніец, маці — белая амэрыканка.
Дарэчы, афраамэрыканцы складаюць 12,5% насельніцтва ЗША, таму казаць, што афраамэрыканцы забясьпечылі перамогу, не выпадае.
* * *
Перамагаюць дэмакраты і на выбарах абедзьве палаты амэрыканскага кангрэсу, праўда, іхныя вынікі ніжэйшыя, чым яны спадзяваліся.
* * *
Прэзыдэнт ЗША выбіраецца не прамым галасаваньнем, а калегіяй выбарцаў з 538 чалавек.
У склад калегіі уваходзяць прадстаўнікі кожнага штату. Колькасьць членаў калегіі ад кожнага штату роўная колькасьці прадстаўнікоў гэтага штату ў абедзьвюх палатах кангрэсу ЗША.
Ва ўсіх штатах (апроч Мэну і Нэбраскі) кандыдат, які набірае большасьць галасоў, атрымлівае ўсе галасы калегіі выбарцаў гэтага штату.
Каб стаць прэзыдэнтам, кандыдату трэба заручыцца падтрымкай 270 членаў камісіі.
У рэдкіх выпадках кандыдат можа выйграць галасаваньне калегіі, ня будучы фаварытам галасаваньня.
Так здарылася ў 2000 г., — упершыню больш чым за 100 гадоў. Джордж Буш выйграў галасаваньне ў штаце Фларыда зь мінімальнай перавагай і атрымаў перамогу над Горам пры галасаваньні калегіі, хоць насамрэч за яго прагаласавала на 0,2% меней амэрыканцаў, чым за суперніка. Гэта ўсё вынік фэдэратаўнае дзяржаўнае сыстэмы.
Існаваньне калегіі выбарцаў дсе невялікую перавагу маленькім штатам, паколькі ўсе яны маюць аднолькавую колькасьць сэнатараў незалежна ад насельніцтва. А колькасьць дэлегатаў у Палаце прадстаўнікоў вызначаецца прапарцыйна насельніцтву кожнага штату.
Так, Каліфорнія валодае ў калегіі 55 галасамі (10%), тады як каліфарнійцы складаюць 12% насельнцітва ЗША. Штат Ваёмінг у сваю чаргу мае тры галасы ў калегіі (0,56%), хоць насельніцтва штату складае усяго толькі 0,18% ад агульнага насельніцтва ЗША.
* * *
Калі сёньня пераможа Барак Абама ён будзе першы чорнаскурым прэзыдэнтам ЗША за ўсю гісторыю, калі Маккейн – то самым пажылым. Маккейну – 72 гады. Рональд Рэйган стаў прэзыдэнтам у 69 гадоў.
Самым маладым прэзыдэнтам у гісторыі стаў Тэадор Рузвэльт (у 42 гады), пасьля таго як анархіст-паляк забіў Уільяма Мак-Кінлі. А самым маладым абраным прэзыдэнтам ЗША быў, натуральна, Джон Фіцджэральд Кенэдзі (43 з паловай гады), якога забілі ўжо самога.
Згодна з 22-й папраўкай да канстытуцыі 1951 г. адна і тая ж асоба можа быць абрана прэзыдэнтам ня больш за два разы (запар ці зь перапынкам). Усе прэзыдэнты пачынаючы ад самага першага прэзыдэнта ЗША Джорджа Вашынгтона трымаліся гэтага правіла. Вынятак — Франклін Дэлана Рузвэльт, які абіраўся чатыры разы. Дазвол на гэта яму даваў Кангрэс ЗША.
Гровэр Кліўленд абіраўся двойчы зь перапынкам: 1885 — 1889, 1893 — 1897. Але ён лічыцца 22 і 24 прэзыдэнтам.
У ХХ стагодзьдзі па два (і болей) тэрміны кіравалі Вудра Вільсан (1913-1921), Франклін Рузвэльт (1933-1945, чатыры тэрміны), Дуайт Эйзэнхауэр (1953-1961), Рональд Рэйган (1981-1989), Біл Клінтан (1993-2001), Джордж Буш-малодшы (з 2001 г.).
У 1900 г. Уільям Мак-Кінлі быў пераабраны на другі тэрмін, але праз год быў забіты анархістам, таму на пасадзе прэзыдэнта яго зьмяніў Тэадор Рузвэльт, які кіраваў краінай да 1909 г.
Калвін Кулідж у 1923 г. заступіў на пасаду прэзыдэнта пасьля сьмерці Уорэна Гардынга, адкіраваў ягоны тэрмін і адзін свой.
Гары Трумэн, як віцэ-прэзыдэнт, заступіў на пасаду прэзыдэнта пасьля сьмерці ў красавіку 1945 г. Франкліна Д. Рузвэльта, адкіраваў гэты тэрмін і адзін свой (1949-1953), Ліндан Джонсан у 1963 г. пасьля сьмерці Д.Ф.Кенэдзі стаў прэзыдэнтам, у 1965-1969 г. адкіраваў адзін свой тэрмін. Рычард Ніксан у 1972 г. быў абраны на другі тэрмін, але ў 1974 г. у выніку Уотэргейцкага скандалу пакінуў пасаду прэзыдэнта ЗША.
Джэралд Форд, які тады быў віцэ-прэзыдэнтам, адкіраваў два гады, але на выбарах 1976 г. прайграў Джымі Картэру.