Скульптурная кампазіцыя «Гуканне вясны» на праспекце Пераможцаў (Машэрава) у Мінску. аўтар - Алесь Шатэрнік
Працы Шатэрніка - «Звон Свабоды» і дошка ў гонар Інбелкульту
Выйшаў альбом-кніга мастака і скульптара Алеся Шатэрніка «Сонцакрыж». Пад адной вокладкай аўтар «Звона Свабоды» і гукальшчыкаў вясны на праспекце Пераможцаў сабраў карціны, скульптуры і літаратурныя творы.
У першым раздзеле кнігі «Колер» прэзентаваныя жывапісныя творы. Пейзажы. Сюжэты — збольшага ўлюбёны Алесем свянцянскі і нарачанскі край (возера Балдук і ваколіцы), што зрэдчас перабіваюцца венецыянскімі і нью-ёрскімі краявідамі.
Раздзел «Форма» ўключае здымкі скульптур і статуэтак. Праглядаючы эскізы, думаецца: ці ня надта хутка беларуская гарадская скульптура перайшла з сацрэалістычных статуй Азгура на цалкам сымпатычных, але зусім ужо неабцяжараных сэнсава «Курца» і «Дзяўчынку пад парасонам» Жбанава? Ці не прапусціла цэлае злучво — выявы вядомых постацяў дасавецкай гісторыі: Эўрасінні Полацкай, Усяслава Чарадзея, Тадэвуша Касцюшкі. Эскізы помнікаў ужо зробленыя Шатэрнікам. А помнік джазмэну Эдзі Рознэру перад КЗ «Мінск» на прыкладу глядзеўся б дарэчы...
У трэцім раздзеле «Слова», працягваючы традыцыю Драздовіча і Шагала, Алесь Шатэрнік увасабляе свае імпрэсіі і творчыя памкненні ня толькі на палатне і ў бронзе, але і на паперы. Тут — вершы, уражанні, успаміны.